Ніва № 19 (2921), 06 мая 2012 г.
Крынскія лётчыкіІаанна ЧАБАНШукаючы інфармацый пра гісторыю сваёй, крынскай хаты я даведалася, што ў час Другой сусветнай вайны жыў тут, між іншым, чырвонаармейскі афіцэр, лётчык. Доўга я думала чаму акурат лётчык, а не, для прыкладу, танкіст. Таксама цікавілі мяне лёсы нядаўна памерлага самотнага мужчыны і яго маці. Яны пакінулі мне шмат сямейных памятак. Нядаўна я выпадкова даведалася пра Крынска-Рахавіцкі ваенны аэрадром, гісторыя якога раскрыла мне ўсе гэтыя таямніцы. Ваенны час добра памятае Марыя Касацкая, з дому Чыжэўская, 1927 года нараджэння. Яна згадзілася спаткацца са мною, каб паўспамінаць колішняе. — Тут, у Рахавіку, — кажа спадарыня Марыя, ураджэнка Паўднёвага Вострава, — у 1940 годзе на нашых палетках саветы зрабілі аэрадром. Лётчыкі кватараваліся па ўсіх хатах Вострава, Рахавіка і Крынак. О, Езу, колькі іх тут было, і самалётаў, і лётчыкаў. Тут яны зямлянкі пакапалі, усё наша і маёнткавае занялі. Жылі амаль у кожнай крынкаўскай, рахавіцкай і востраўскай хаце. Помню, у аднаго майго дзеда і яго суседа быў такі вялікі пругамень і там тыя лётчыкі сталаваліся. Кожны дзень прыходзілі з Рахавіка і ўжэ там павячэраюць, а тады спяваюць, аж вёска разліваецца. Крынскія кватаранты сталаваліся ў мясцовым шпіталі. Іх тут тысяча была ўсякіх рангам кавалераў, жанатых, трапляліся нават і жанчыны-лётчыцы. Большасць часу яны праводзілі на вайсковых справах. З самой раніцы, чуць свет, ішлі да Рахавіка, дзе стаялі ўсе самалёты. Прыйдуць, (...) |