Ніва № 19 (2921), 06 мая 2012 г.
Прарокі: узнаўленне снуМацей ХАЛАДОЎСКІ„У краіне прарокаў” — загаловак выставы фатаграфіі Марка Далецкага, адкрытай у Вялікую пятніцу паводле юліянскага календара, у беластоцкім аддзеле Галерэі імя Сляндзінскіх па вуліцы Легіяновай (былая „Тэлімэна”). Прадстаўлены на ёй партрэты дзесяткаў беларусаў, палякаў і татараў, праваслаўных і католікаў Беласточчыны. Паказаныя здымкі аўтар рабіў ад 1974 да мінулага года. — На гэтай выставе ёсць шэраг здымкаў звычайных, простых людзей, якія з сярод сябе раптам сталі лічыць кагосьці аўтарытэтам. Ніхто іх неяк спецыяльна не выбіраў. Гэта была прыгожая арганізацыя вясковай грамады, — гаварыў у час вернісажу аўтар. Вернісаж па інцыятыве аўтара выставы пачала хвіліна маўчання, з запісам птушынага спеву, прысвечана нядаўна памерламу беластоцка-супрасльскаму фатографу Віктару Волкаву, маэстра фатаграфіі падляшскай прыроды. Наведваючых вітае надпісаная на сцяне галерэі цытата аўтарства культавага паэта Эдварда Стахуры: Былі такія, што нараджаліся, / Былі такія , што паміралі, / Былі і такія, якім гэтага было мала. Вольга Пацэвіч, вядучая галерэю па вуліцы Легіяновай, у якой мы спыталіся, чаму вернісаж выставы адбыўся якраз у Вялікую пятніцу паводле юліянскага календара, адказала: — Мы думалі хутчэй пра тое, што гэта трынаццатае ў пятніцу. Прарокі гэта людзі асабліва адораныя, крышку звязаныя з магіяй і адчароўваннем злых сілаў, можа і звязаных з ракавой трынаццаткай. (...) |