Ніва № 17 (2919), 22 красавік 2012 г.
З азяранскіх велікодных успамінаўІаанна ЧАБАНКожная мая сустрэча з найстарэйшымі жыхарамі Крынкаўскай зямлі даказвае, што яшчэ не нашмат аддаленае ўчора і сёння гэта дзве розныя прасторы, з іншымі звычаямі, мовай, каштоўнасцямі. Пошукі таямнічага мінулага ў гэты раз завялі мяне да парога хаты шасцідзесяцішасцігадовай Любы Наўмовіч родам з Азяран-Вялікіх, якая ахвотна раскрыла кнігу сваёй памяці на старонцы пад загалоўкам „велікодныя традыцыі”. Спадарыня Люба пачала з размалёўкі прыгожай карціны люднага сяла, адпраўляючагася на ўсяночную ў крынкаўскую царкву сустракаць свята свят. Больш за пяцьдзесят каляровых ад свойскіх капаў фурманак, загружаных шматлікімі сямействамі адна за адной пераадольвалі немалы, у больш за дзесяць кіламетраў, кавалак дарогі. Мама спадарыні Любы заўсёды рыхтавала ў царкву беленькія мяшочкі з хлебам і саланінай. На пытанне маленькай Любы: „Маму, а каму вы тыля бярэця?” чуўся адказ: „Жабраке будуць пад цэрквай, трэба кожнаму даць”. Жабракоў збіраўся цэлы прытвор і католікаў, і праваслаўных, давалі ўсім без розніцы. Яны стаялі выцягнуўшы руку, кругом чуўся безупынны шэпт іхніх заўпакойных малітваў. „Мама кожнаму мусіла даць, каб не пакрыўдзіць нікога, кожнаму гаварыла імя пакойніка, за якога жабрак маліўся. Жабракі маліліся за памерлых, таму кожны стараўся на святы завезці ім гасцінца”. Найцяплейшыя ўспаміны спадарыні Любы звязаны менавіта з праваслаўна-каталіцкім святкаваннем Вялікадня, якое супадала раз на (...) |