Ніва № 15 (2917), 8 красавік 2012 г.
Велікодныя ўспаміныУладзімір СІДАРУКЗ Велікодным святам звязаны ў мяне самыя радасныя ўспаміны. Вось што захавалася ў памяці з дзяцінства пра даўнейшую традыцыю святкаванняў. На два тыдні перад святам пачыналася „свінёбіце”. Даўней амаль кожны на вёсцы займаўся свінагадоўляй — калі не на продаж, дык на ўласныя патрэбы. У каго не было парасят, на прадвесні купляў парку на рынку. Нашы бацькі штогод так рабілі. І хоць не мелі гаспадаркі, адно за сядзібай апрацоўвалі палоску пясчанага поля з агародам, трымалі кароўку, парку свінак ды хатнюю птушку. Адну свінку забівалалі пад Вялікдзень, другую пад Каляды. Яек не куплялі, сваіх хапала. Бацька не забіваў жывёлы. Майстрам па гэтай справе лічыўся сусед Гардзей Саўчук. Мы яго наймалі. За паслугу не плацілі суседу. Пляшка гарэлкі, выпітая пры абедзе, задавальняла яго поўнасцю. Прытым даставаў да хаты пакет свежыны. Каўбаскі рабілі самі. Гэтым займалася маці са старэйшымі сёстрамі. Мяса рэзалі ўручную. Кішкі напіхалі пры дапамозе адмысловай трубкі, прыспасобленай да мясарубкі. Гатовыя вырабы вешалі пры печцы на пруточку. Кумпякі, грудзінку ды паляндвічкі клалі ў салянку — марынад, у якім ляжалі тры-чатыры дні. Пасля ўкідалі суровае яйка. Калі не апускалася на дно, значыцца, што час выймаць мяса. Сфармаваныя шынкі клалі ў нейлонавыя панчохі або калготы. Абвязвалі тоўстай ніткай і разам з падсушанымі ўжо вырабамі неслі вэндзіць. Вэнджанне адбывалася на панадворку ў прыспасобленай „капцілцы”. У каго не было (...) |