Ніва № 09 (2911), 26 лютага 2012 г.
Марылька жыве ў нашай памяціАляксей МАРОЗСустрэча, наладжаная 18 лютага ў музеі ў Бельску-Падляшскім з нагоды прэзентацыі кніжкі „Марылька”, у час якой прагучала многа вельмі цёплых слоў накіраваных у бок памерлай 16 гадоў назад Марылі Базылюк-Саснюк паказала, што паэтэса і настаўніца беларускай мовы ўвесь час жыве ў памяці яе сям’і, сяброў і знаёмых. Вялікая музейная зала запоўнілася бяльшчанамі і прыезджымі так, што многім прыйшлося стаяць ззаду. Яшчэ да прамоцыі кніжкі частка сабраных спаткалася ў час паніхіды, адслужанай у Міхайлаўскай царкве ў Бельску, у час якой маліліся за ўпакаенне душы памерлай, а пасля наведалі яе магілу. У час спаткання ў ратушы, наладжанага аб’яднаннем АБ-БА з Беластока, бельскім музеем і знаёмымі Марылі, перад сабранымі выступілі гурты „0-85” з Беластока і „Людзі на балоце” з Гродна. — Марылька была вельмі прыгожай дзяўчынай, уражлівай, цёплай і сардэчнай жанчынай, бескарысным і чэсным чалавекам. Не было ў яе зайздрасці, заўсёды адкрывала сваё сэрца на іншых, ад яе разыходзілася радасць жыцця, — успаміналі сябры і знаёмыя Марылі. — Ідэя выдаць кніжку з вершамі Марылькі Базылюк і ўспамінамі аб ёй узнікла прыблізна чатыры гады таму. Атрымалі мы згоду яе сям’і і пачалі збіраць вершы, старыя фатаграфіі і ўспаміны. Калі пачалі працаваць над кніжкай, работа крыху зацягнулася. Да яе канчатковага выгляду спрычынілася многа людзей. Вялікую рэдактарскую працу выканаў Мікола Ваўранюк, які сабраў матэрыялы пра Марыльку (...) |