Ніва № 08 (2910), 19 лютага 2012 г.
Беларус непадробнай шчырасціСяргей ЧЫГРЫН25 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша — беларускага доктара, бібліяфіла, мужа Ларысы Геніюш. Васіль Быкаў у сваёй кнізе „Доўгая дарога дадому” пра Янку Геніюша сказаў, што „ўвогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасцю”. А калі Янка Геніюш заязджаў да Васіля Быкава ў Гародню, то яны вялі доўгія гутаркі пра ўсё на свеце, але найперш пра Беларусь і лёс беларусаў. З іх вялікі пісьменнік „пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцця на акупацыйнай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, не надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды...”. Так згадваў Васіль Быкаў Янку Геніюша. Па характары Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён ён быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Ды іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя ростані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім дваім стаіць помнік на Зэльвенскіх гарадскіх могілках), былі выбіты такія радкі(...) |