Ніва № 07 (2909), 12 лютага 2012 г.
І старое, і новаеАляксандр ВЯРБІЦКІЗавіталі да нас крыху прызабытыя лютыя маразы. І падарожжа ў нашу глыбінку стала не так назіраннем за гэтай глыбінкай, як відам своеасаблівага спаборніцтва з выклікамі надвор’я. Ужо з акон аўтобуса было відаць праявы марознай магутнасці, бо Нарва ў Нарве была ўжо ўся скаваная ільдом. З аўтобуса злез я на прыпынку Рэпіскі і той жа люты мароз зараз узяўся скоўваць і мяне. Як прынялося меркаваць, найлепшай абаронай бывае наступленне, а больш агульна кажучы — рух. Вось і рушыў я шпарка, каб грэцца, каб не дацца марозу. Рушыў я ў напрамку Кавялы. Невялікая гэта вёска, і здавалася б з аддалення, што цяпер там можа быць тугавата... Амяла на высокіх дрэвах у кантрастным ад марозу краявідзе набрала чорнага колеру і здавалася, што яна павісла над забудовамі быццам вялікія груганы. Але з набліжэннем да вёскі паказаліся адзнакі буйнага ў ёй гаспадарання. А ў самой вёсцы, на вуліцы пры адным з панадворкаў стаяла невялікае снегавое іглу, якое паказвала, што ў вёсцы расце маладое і творчае пакаленне. Праўда, амаль палова хат у Кавяле пустуе, аднак шмат з іх стаіць побач новых на тых жа саміх панадворках — вяскоўцы паставілі новыя хаты, а гэта абазначае, што перад Кавялой будучыня. Падобная карціна і ў недалёкіх Новінах, таксама невялічкай вёсцы. Перад Новінамі футбольная пляцоўка з дзвюма брамкамі на канцах і дзвюма лаўкамі па баках, для публікі. І ў гэтай вёсцы крыху хат пустуе, а найбольш сумны від паказвае вялікі (...) |