Ніва № 04 (2906), 22 cтудзеня 2012 г.
Гагатуха на Радыё РацыяГанна КАНДРАЦЮКУжо сам званок з Трасцянкі быў як жартоўны абрад Гагатухі. Усё там перавярнулася дагары нагамі. Вось цёткі і дзядзькі, пакаленне, якое павінна назіраць за старым парадкам, даглядаць свае брамкі і пільнаваць, каб моладзь не рабіла фокусаў і жартаў, пазванілі на Радыё Рацыя з віншаваннямі: — Мы хацелі б прывітаць нашую молодзёж і пажадаць ім усяго найлепшага, — не скрывалі яны радасці, — за тое, што яны не паляніліся і паздымалі ў нас брамкі! Гэты званок прамаўляў як рапарт-справаздача рэдактарам, якія ад пачатку навагодняй перадачы, пры актыўным удзеле слухачоў, намаўлялі „ісці ў шкоду”. Вельмі аўтарытэтна ў гэтай справе выказаўся лістаноша Яраслаў з Чыжоў (вядомы паклоннікам „Падляшскага канцэрта пажаданняў”). Ён адразу адкінуў стратэгію наракання і вызначыў рамкі прыстойнасці гульні: — Добрая забава тады, калі маладыя маладым жарты робяць, — сказаў, — але калі хто хавае брамку старэнькай бабульцы, гэта не файна і не смешна... Спадар Яраслаў спаслаўся на вечнасць гагатушных абрадаў: — У нас тое было, ёсць і будзе! — заявіў з упэўненасцю на дзвесце працэнтаў, а пасля назваў жывыя прыклады. У раёне, які сам абслугоўвае, а гэта Гайнаўка і наваколле, яшчэ ў ліпені сустракае брамкі замацаваныя ланцугамі. Асобная ніша была адведзена гаспадыням, якія дзяліліся са слухачамі рэцэптамі на бульбяную кішку. Марыя Ахрымюк з Гайнаўкі раіла (...) |