Ніва № 03 (2905), 15 cтудзеня 2012 г.
Азяранская калядаІаанна ЧАБАНПершы раз ад нядаўняй смерці дарагой пані Любы Цітко — добрага духа Азяран-Вялікіх з’ездзілі мы з сястрой у гэтую вёску. Ледзь пераехалі жвіроўку, прыўкрашаную балотнымі калдобінамі. Каб ратаваць кепскія рысоры нашай таннай машыны, прыйшлося пакінуць яе на пачатку вёскі і прайсціся старым брукам у супрацьлеглы яе канец. Азяраны прывіталі нас цёмным, дажджлівым снежаньскім надвор’ем, апусцелымі хатамі і стадоламі, якія ад апошняга лета значна падупалі, абсоўваючыся амаль да самой зямлі. На страсе заўсёды гасціннай, жыццярадаснай хаты пані Любы сумна тырчэў мёртвы, халодны комін, на вуліцы — ні адной жывой душы. Два гады таму, дзякуючы пані Любе, я пазнаёмілася тут з адным вельмі разумным дзядзькам, адзінокім гаспадаром, што вёў амаль пустэльніцкі спосаб жыцця. Сёння я хацела ў яго распытацца, між іншым, пра азяранскія калядныя звычаі. Ніяк я не магла распазнаць яго хаты — нечакана ўсе выглядалі на пустыя. Надумалася папрасіць дапамогі ў цёткі Зіны, пад хатай якой стаяла адзіная на ўсю вёску машына. Дзверы адчыніў нам цётчын зяць, родны брат пані Любы, які, карыстаючыся выхаднымі, прыехаў сюды з сям’ёй. Маё пытанне пра вясковага пустэльніка яны неяк праігнаравалі, уцягваючы мяне з сястрой у забалочаных ботах у самую сярэдзіну маленькага гасціннага пакойчыка. Нечакана планы памяняліся — стол накрываўся, выходзіць ужо не выпадала і не хацелася: сваю сённяшнюю навуковую калядную экспедыцыю рашыла я правесці з цёткай Зінай. Усе (...) |