Ніва № 48 (2898), 27 лістапада 2011 г.

На вачах свінні

Міраслаў ГРЫКА

Сапраўды, дык няма ўпэўненасці, хто сканструяваў гэтую жахлівую павозку, званую эўфемістычна сучаснай цывілізацыяй. Тым не менш занялі мы ў ёй сваё месца, пакуль яна яшчэ кранулася з месца. Ды што з таго, што досыць выгадна ў ёй мы едзем, калі не ўмеем ёю кіраваць? Іншая справа, што шмат хто з гэтым прабаваў ужо справіцца. Аб утапічных светах паўсюднай шчаснасці марылі мы ад пачатку сваёй гісторыі, дык час ад часу склікаецца жменька шаленцаў і прабуе загнаць у іх, як быдляцінак у хлявок, мільёны людзей. Хопіць прыгадаць гітлераўскія параноі, кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расіі ці тую даўнасці пару дзесяткаў гадоў — чырвоных кхмераў у Камбоджы, прыхільнікі якой парасстрэльвалі, і то на вачах тэлегледачоў у Еўропе ці Амерыцы, два мільёны сваіх выдуманых ворагаў.

Чалавек не ўмее кіраваць уласнай натурай, а што тут гаварыць пра Натуру, якой быццам бы ён неад’емная частка! Без сумненняў, даў доказ гэтаму даўно Канут І Вялікі, які жыў на пераломе Х і ХІ стагоддзяў, кароль Даніі і Англіі. Паводе легенды, хацеўшы прысароміць лісліўцаў і паказаць абмежаванасць іх магчымасцей, загадаў ён уціхамірыцца марскім хвалям. Тыя, вядома, мелі каралеўскі загад у носе, што Канут прыняў са стаічным спакоем. Ды, што трэба адзначыць, быццам бы з пачуццём скрыванага расчаравання. Гэтае поўнае напыхлівасці пачуццё, якое спазнаў Канут, спадарожнічае чалавецтву ад заўжды. Калі не будуем вавілонскай вежы, дык прынамсі пірамідныя грабніцы. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF