Ніва № 29 (2879), 17 ліпеня 2011 г.

Эпітафія для Вацка

Міраслаў ГРЫКА

Дарога з Нарвы ў маю вёску, якой праезд на ровары займае мне не больш чым дваццаць хвілін, у гэты раз працягнулася да трох гадзін. Каб не было ніякіх недамовак, тлумачу адразу чаму: бо я ратаваў свет! Незлічоныя разы саскокваў я з ровара і ратаваў свет перад загубай. Калі я яго ўжо ўратаваў, зноў ускокваў на сядзельца, замахваўся педалямі і, праехаўшы дваццаць-трыццаць метраў, зноў спыняўся з піскам тармазоў, каб у чарговы раз ратаваць свет. Скажу праўду: ратаванне свету — занятак утомны. Дахаты я даехаў фізічна і псіхічна змардаваны. А ўсё гэта з за слімакоў. Або... маёй сяброўкі Ё. — асобы прынцыповай адносна экалогіі, павагі да жыцця ўсякага стварэння і заадно непрымірымага ворага чалавечай бяздумнасці. Гэта якраз Ё. сваёй непахіснай пазіцыяй ваюючай эколажкі ўдрукавала ў мяне рэфлекс ратавання свету. Бо тое, што трэба яго ратаваць, ведае ўжо кожны. Толькі не кожны ведае ад чаго. А вось ад духоўнай ляноты, прыроднай чалавечаму роду, якая нашыя добрыя з натуры і спагадлівыя сэрцы звычайна адключвае. Я дакінуў бы да гэтага невуцтва і напыхлівасць — сёстры-блізнючкі ляноты. Вось яны найбольшыя і найярыя ворагі людства. Гэта значыць, што сапраўдным ворагам чалавека з’яўляецца чалавек, а мой найбольшы вораг — я сам для сябе. Ратаванне свету гэта няйначай як руплівае і бясконцае выполванне з уласнай душы прыродных ёй гультайства, напыхлівасці і невуцтва. Хто гэта занядбоўвае, той забівае сябе самога, забівае кожнага з (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF