Ніва № 16 (2866), 17 красавіка 2011 г.

Вясна вясною...

Міраслаў ГРЫКА

У маёй хаціне разбзыкалася муха. Ператрывала зіму ў якімсь закутачку і цяпер, калі пішу гэтыя словы, лятае сабе то туды, то сюды, або дзесьці прысядзе нябачная, а то пад маім носам вырысоўвае экзальтаваныя рагізулькі. Ну вось і маем вясну! Я адчыніў акно — хай сабе ляціць, чортава насенне! Ды не, расселася на экране камп’ютара якраз на слове „вясна” ды пацірае лапкі. Быццам мае чым цешыцца! Быццам бы і я чакаю гэтай пары года з радасцю, ды ўсё ж са штораз меншым энтузіязмам. Ёсць такія, хто лічыць свой узрост не ў летах, а ў перажытых вёснах. Я не асмелюся на гэта — гэта надта балючая мерка прамінаючага жыцця. Бо з аднаго боку — вясна час надзеі, а з другога — чарговы крок да... зімы. Толькі ці гэта разумее муха?

Яшчэ раніцай, калі ўключыў я камп’ютар, узяўся за парадкі ў агародзе. Якраз падрэзваў разбуялую елачку, якую гады таму пасадзіў каля вялікага каменя, як раскурлыкаліся журавы. Асабліва яны пяюць — пранізліва! А гэты камень, жартачкі, важыў хіба з сорак кіло! З немалой натугай дакаціў я яго ў агарод. Пад ім пахаваў нашых памерлых катоў, што мелі на пашану і пры згодзе маіх варшаўскіх сяброў іхнія прыгожыя імёны. Хтось, едучы самаходам праз вёску, нават не спрабаваў затармазіць, калі прабягалі вуліцу; не азірнуўся нават назад. А Олесь быў маім кампаньёнам усюды, нават у грыбах. А Даротка... Эх, калі я засыпаў ямку, у яе цяжарным жывоціку закалацілася жыццё ненароджаных кацянят. Тады таксама курлыкалі (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF