Ніва № 02 (2852), 9 студзеня 2011 г.

Успаміны Сяргея СІЛЬВЕСТРУКА, народжанага ў 1923 годзе ў Зубаве

У сям’і нас двое было — яшчэ сястра, народжаная ў 1920 годзе. У бежанстве бацькі не былі, даехалі яны да Ваўкавыска і адтуль іх вярнулі.

У таты была вялікая гаспадарка, разам было 28 гектараў. Каб яе абрабіць, бацька наймаў парабкаў. Адзін з іх, са Спічкоў, восем гадоў у нас жыў. Я пры ім і вырас, усё хадзіў каля яго. А ён то санкі мне зробіць, то канькі — такія з палена і дроту на адну нагу. І трэба было з гэтым каньком хавацца, каб бацькі не ўбачылі і ў печ не парубалі, бо ад такіх канькоў валёнкі рваліся. У валёнках зімою хадзіў, а як цяплей было, то ў чаравіках або кедах. Я як мокра было, то басанож хадзіў, нагавіцы падвіваў.

У школу першыя два гады хадзіў у Кнаразы; усіх нас, хлопцаў і дзяўчат, хадзіла ў Кнаразы каля дваццаці чалавек. Зімою вазілі нас санямі. І Рэпнева ў Кнаразы хадзіла. Бо ў Зубаве царская школа была паднішчана, без падруб была. А як школу наладзілі, то мы ўжо тут вучыліся. У Кнаразах вучыла маладая польская вучыцелька, а рэлігіі вучыў Іван Барташэвіч з Зубава — ён у Кнаразы раз у тыдзень на чырвоным кані ездзіў, адукаваны ён быў.

У Зубаве вучыла Рашкоўская з Закапанага, тут жыла ейная ўся сям’я, трое іх было. А пад канец, да вайны, вучыў у Зубаве Бальтазар з Белавежы, афіцэр, паручнік. Перад выбухам вайны настаўнікі выехалі на канікулы і больш у Зубава не вярнуліся. Вучыўся я да чатырнаццатага года жыцця: адзін год хадзіў у першы клас, адзін у другі, два (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF