Ніва № 02 (2852), 9 студзеня 2011 г.

Сакалянскія былі і небыліцы

Міра ЛУКША

Першы напамін аб вёсцы Саколе Міхалоўскай гміны паходзіць з 1775 года. Налічвала яна тады 5 дымоў. Пачаткам вёскі праўдападобна была карчма ўласнікаў гарадоцкага маёнтка на шляху Бельск — Заблудаў — Гарадок — Гродна. У 1835 г. прылічвалася яна ў склад фальварка Валілы. У вёсцы жыло 6 хрысціянскіх сем’яў: дзве Янаў Храноўскіх, Тамаша Храноўскага, Кіпрыяна Ярэцкага, Якуба Казлоўскага і Якуба Змітрука, усяго 45 чалавек ды сям’я яўрэя-арандатара карчмы. У 1855-1860 гадах у Тапалянах шалела эпідэмія тыфу і халеры. Гэтая пошасць кранула таксама і жыхароў Саколя. Загінула амаль трэць насельніцтва вёскі. Пры дарозе ў Гарадок, перад ровам Сервітуты, разбілі могільнік, дзе хавалі пошасных — сакаляне завуць тое месца Магілкамі. У 1865 годзе лік жыхароў Саколя ўзрос да 87 чалавек, жылі тут 41 мужчына і 46 жанчын. У той час сяляне мелі 267 дзесяцін і 1050 сажняў зямлі, з таго пад сядзібамі 13 дзесяцін 540 сажняў, ворнай зямлі — 180 дзесяцін 360 сажняў, і лугоў 33 дзесяціны 150 сажняў.

5 студзеня 1886 года адкрыты быў чыгуначны шлях Беласток — Жэдня — Валілы — Ваўкавыск — Баранавічы. Пралягаў ён пры паўночным краю вёскі. Чыгунка выратавала быт Гарадка, а Беластоку дала лучнасць з Масквой праз Мінск і Смаленск. У Жэдні і Валілах былі вялікія чыгуначныя станцыі пабудаваныя па ўзору вакзала ў Беластоку, з абшырнымі заламі чакання, білетнымі касамі і рэстаранамі. У міжваенны перыяд гэтым шляхам ездзіў экспрэс Парыж — Масква з (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF