Ніва № 6 (2804), 7 лютага 2010 г.

Паміж Беларуссю і Польшчай

Сяргей ЧЫГРЫН

Беларускага драматурга Сяргея Кавалёва ведаю яшчэ з пачатку 1980-х гадоў. Мы — аднакурснікі, разам вучыліся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Тады светларусы юнак з Магілёва спрабаваў пісаць вершы. Некаторыя нават публікаваў у студэнцкім друку, калектыўных зборніках. Потым зарэкамендаваў сябе як крытык, выдаў некалькі кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, прысвечаных праблемам беларускай паэзіі 1980-х гадоў, узаемаадносінам мастацкай літаратуры і крытыкі.

Пасля крытыкі Сяргей Кавалёў перайшоў на казкі, выдаў кніжачку казак „Мэва”. А з казак — ступіў на сцяжыну драматургіі. І гэтая сцяжына аказалася самай плённай і ўдачнай. Па ёй Сяргей Кавалёў вось ужо 20 гадоў крочыць надзейна і ўпэўнена.

Да 20-годдзя творчай дзейнасці Сяргея Кавалёва як драматурга ў мінскім выдавецтве „Кнігазбор” нядаўна выйшла з друку кніга „Паміж Беларуссю і Польшчай”. Адзначу, што драматург не толькі піша добрыя п’есы, якія атрымліваюць сцэнічнае жыццё ў Беларусі, Расіі, Украіне, Славакіі, а таксама ў Польшчы. Але, акрамя гэтага, Сяргей Кавалёў — доктар філалагічных навук, прафесар Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай. Пэўны час ён жыў паміж Мінскам і Люблінам. Пэўны час у Мінску выкладаў у Белдзяржуніверсітэце гісторыю беларускай літаратуры. Але ў 1993 годзе ў Люблінскім універсітэце адкрылі аддзяленне беларусістыкі, і Сяргея Кавалёва запрасілі туды чытаць лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF