Ніва № 51 (2797), 20 снежня 2009 г.

Рэлігія ў Беларусі

Апрацаваў Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У днях 26-27 лістапада ў Беластоку праходзіла навуковая канферэнцыя „Рэлігійныя перамены ў Беларусі”, ладжаная Беларускім гістарычным таварыствам. Дыяпазон тэм ахопліваў розныя перыяды — ад ранняга сярэднявечча да пасляваенных падзей. Удзельнікамі канферэнцыі былі вучоныя з Беларусі і Польшчы.

Мажэна Лідкэ засяродзілася на сацыялагічных аспектах рэлігійных канверсій, якія ў беларускай гісторыі пакінулі выразны след. Канверсія з’яўляецца свядомым самастойным выбарам дарослым чалавекам новага веравызнаня з воляй падпарадкавання новым патрабаванням. Дакладчыца на прыкладзе сучасных мадэляў канверсіі прасачыла іх дзеянне ў мінулым датычнае вядомых грамадзян Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі і Марцыяна Агінскага. Важным стымулам канверсіі ў ВКЛ быў артыкул Гарадзельскай прывілеі ад 1413 года, які ў прынцыпе не дазваляў займаць вярхоўных пасад у Княстве асобам некаталіцкага веравызнання.

Сяргей Токць расказаў пра канкрэтныя праявы рэлігійнага жыцця на прыкладзе дзвюх мясцовасцей — Скідаля і Берштаў. Дакладчык заўважыў, што праводзіць гістарычныя даследаванні эпохі Рэчы Паспалітай вельмі складана з прычыны беднасці даследчых крыніц. У пачатку XVI ст. у Скідальскай воласці існавала праваслаўная царква, а ў 1644 годзе згодна прывілеі караля Уладзіслава IV было заснавана мястэчка Скідаль і ў гэтым мястэчку была пабудавана ўніяцкая царква, якую ўфундаваў тамашні войт, селянін Павел Казейка. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF