Ніва № 32 (2778), 09 жніўня 2009 г.

Сапраўднае аблічча

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

Адзін з апошніх запаведнікаў камунізму ў свеце, маленькая краіна Малдова, перажыла на мінулым тыдні чарговую спробу кансервацыі ўлады ў выглядзе парламенцкіх выбараў. Першы раўнд гэтага палітычнага спектакля адбыўся яшчэ ў красавіку бягучага года і завяршыўся сапраўдным канфузам для ўладнага клана. Нягледзячы на няроўныя ўмовы ў выбарчым працэсе і моцную фальсіфікацыю, дабіцца свайго камуністам на чале з Уладзімірам Вароніным так і не ўдалося. Тут якраз той выпадак, калі фальсіфікатары абдурылі саміх сябе. Рэч у тым, што яны папросту спалохаліся народа на вуліцы і захацелі пусціць у вочы іншым пыл дэмакратыі. А ў выніку не змаглі знайсці ў новаствораным парламенце (які ў гэтай краіне абірае прэзідэнта) толькі... адзін голас для таго, каб зноў выбраць кіраўніком дзяржавы прадстаўніка ўладных камуністаў. Апазіцыя праявіла салідарнасць і не адшукалася такога дэпутата, якога б прыкупілі ў дадатак да вялікай кучы фальшывых абраннікаў. І вось другая частка малдаўскага спектакля пад назвай выбары. Адчуўшы, што ўлада выслізгвае з рук, тамтэйшыя камуністы перайшлі на істэрыку: сталі яшчэ відавочней парушаць роўнасць правоў кандыдатаў і прытым выкідваць за шкірку незалежных міжнародных назіральнікаў, якія сваімі вачыма хацелі ўбачыць сапраўдны стан рэчаў. Малдоўскія камуністы — сапраўдныя паслядоўнікі правадыра сусветнага пралетарыяту, які сцвярджаў, што кожная ўлада толькі тады нечага вартая, калі ўмее сябе адбараніць. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF