Ніва № 26 (2772), 28 чэрвеня 2009 г.

Загадкі характару

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

Зразумець характар і настроі беларускага грамадства не пад сілу аніводнай сацыялагічнай службе. Можа таму так часта і выглядаюць супярэчлівымі, а то і дыяметральна рознымі вынікі шматлікіх апытанняў ды даследаванняў. Раней я думаў, што гэта ўсё ідзе ад несумленнасці альбо нядбайнасці навукоўцаў. Але сабака ісціны, напэўна, куды глыбей закапаны. Рэч тут відаць у загадкавым нацыянальным характары, які на пачатку XXI стагоддзя выдае на проста фенаменальны. Скажам, як могуць адны і тыя ж людзі выступаць і за ўваход Беларусі ў Еўрасаюз і за супольную дзяржаву з Расіяй? А такія вынікі часам паказваюцца паводле апытанняў. Нейкае раздваенне ў галаве, мяркуеце? Зусім не — таямнічая беларуская душа. Можа дагадзіць такім чынам апытальніку хочуць? Але прытым не любяць анікога. Узяць хоць бы славутыя стасункі з усходнімі суседзямі. Колькі ўжо не працавала прапаганда па ўслаўленні „братэрскага саюзу народаў”, па „слиянии” нашых роднасных нацый у славянскім экстазе, але досыць дзіўным гэтае братэрства і сяброўства выглядае. Нават у агульным і не адрозным нешта не склейваецца.

Прыкладам, п’юць сучасныя насельнікі Беларусі проста бязбожна і бязлітасна ў дачыненні да сваіх арганізмаў. Але запытайце ў апошняга алкаголіка і лайдака, што ён думае пра расіян і ён цвёрда вам будзе даводзіць, што ўжо за Мсціславам канчаецца цывілізацыя і пачынаецца тэрыторыя суцэльнага беспрасветнага п’янства і татальнага гультайства. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF