Ніва № 04 (2698), 27 студзеня 2008 г.

Святло ў акне рыбакоўскай хаты

Міра ЛУКША

— Сярод ночы гляну — здаецца, гарыць святло ў вокнах дзядзькі Федзіка, — спаглядае праз шыбу на вуліцу ў Рыбаках Міхалоўскай гміны Марыя Хлябіч. Дзядзька Федар гэта хросны татулька яе мужа Аляксандра. Тут амаль усе сваякі. Аляксандраў дваюрадны брат гэта Уладзімір Казбярук, вядомы літаратурны мінскі крытык, Аляксандр кніжнік таксама, паліцы ў хаце Хлябічаў угінаюцца ад беларускіх выданняў. І цікава ім, якія новыя кнігі прыходзяць у Беласток, каб купіць іх ці хоць пачытаць, бо да нас цяпер з цяжкасцю даходзіць свежая беларуская кніга. А наконт сваяцтваў, дык спяшае Аляксандр Хлябіч прыгадаць мне, што ягоную маму хрысціла мая прабабуля Аўдося Мядзведзь, у дзявоцтве Гавеньчык. І хоць не сваякі, ды блізкія сябры, і ў Цісоўку, куды замуж пайшла Марыся, дачка Аўдосі і Міхася, вазілі з Рыбакоў авечак пасвіць, на сухія груды, бо тут над Нарвай гразка было.

Вось азірніся — за сталом у хаце Хлябічаў, што паміж домам Ніны Хлябіч і родным падворкам Віктара Буры, сядзіць жменя людзей. І амаль усе сваякі, калі б пакапацца ў радаслоўных — усе тут пушчанска-прынарваўскія. Хто зайшоў у гэты паслясвяточны падвячорак, хто ўжо выйшаў. Цяпер вось сядзяць Янак і Зінка.

— А мы ўжо і чакалі, што зараз хтось зойдзе, — смяецца гаспадыня. — Мы так усе адзін да аднаго ходзім на каву, пагаварыць, бо чаго ж сядзець у хаце. Глянулі на цябе як ты ішла па вуліцы, размаўляла з Ядзяй, глядзела аб’явы. Думалі, ці хто можа з (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF