Ніва № 03 (2697), 20 студзеня 2008 г.
Тыдзень беларускага смакуМіра ЛУКШАБеластоцкі рэстаран у гасцініцы „Крыстал” быў выбраны для правядзення Тыдня беларускай кухні. Кухары з Гродзеншчыны разам з майстрамі беластоцкай кухні рыхтавалі папулярныя і больш адмысловыя стравы, каб пазнаёміць беластачан з суседнімі смакамі — вельмі блізкімі. Першы пачастунак адбыўся ў адборнай кампаніі ў другі дзень праваслаўных Каляд. А ўсю ідэю задумалі генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхал Аляксейчык і старшыня мастацкага згуртавання „Dorzecze” Андрэй Федарук, вядомы аўтар шматлікіх кніг пра кухні свету і Падляшша, род якога выводзіцца з Плютыч. — Сустрэліся мы са спадаром консулам на фалькларыстычным кірмашы ў Сувалках, — кажа Федарук, — і вынікла справа. Абодва мы любім добра паесці, я прафесійна займаюся кухняй. І ад слова да слова дайшлі мы да вываду, што трэба будзе што-небудзь сарганізаваць у гэтай галіне. Думаем, што справа цікавая, і будзем яе ладзіць надалей цыклічна. Прыехалі тры гаспадынькі з Гродзеншчыны, яны і рыхтавалі беларускія стравы ды раілі. Рэцэптуры страў тут застануцца, у меню „Крыстала” будуць яны пастаянна. Здавалася мне, што я добра ведаю беларускую кухню, але, паглядзеўшы на стол, аж задзівіўся. Вось ёсць тут, між іншым, ліст капусты начынены маркоўкай з часнаком... Паказ страў ломіць стэрэатып, што беларуская кухня гэта адно бульба, мучное ды тлустае мяса. Усё тут смакавітае, ёсць і тыповыя стравы, ёсць і такія, якімі паласуюцца і вегетарыянцы ці тыя, хто трымае дыету. (...) |