Ніва № 46 (2688), 18 лістапада 2007 г.

Беларуская асвета ў Еўрасаюзе (2)

Ганна КАНДРАЦЮК

Беларускае школьніцтва ў Літве адрадзілася на хвалі вялікіх перамен у СССР. Думка пра школу ўзнікла ўжо ў 1988 годзе, калі адраджаліся беларускія суполкі, — кажа Леакадзія Мілаш, настаўніца рускай мовы ў Сярэдняй беларускай школе імя Францішка Скарыны ў Вільні, дзяячка Таварыства беларусаў Літвы.

Ініцыятарамі была невялікая кучка беларускай інтэлігенцыі на чале з Лявонам Луцкевічам. У іх ліку былі Зоська Верас, Хведар Нюнька, Лявон Кароль, Валянцін Стэх (тадышні кіраўнік беларускай суполкі „Сябрына”). Спачатку працавала толькі нядзельная школа. Сярод першых выкладчыкаў былі Алена Папова і сённяшні дырэктар школы Галіна Сілава.

Сярэдняя школа заснавана ў 1992 годзе.

Якім шляхам шукалі вучняў? Ці хадзілі ад дому да дому — як у нас — і намаўлялі запісаць дзіця ў беларускую школу? Не, тут было інакш.

Школа арганізавалася ў пэўнай ступені сама па сабе, што ў беларускім свеце гэта свайго роду феномен.

— Далі аб’яву ў прэсу і адразу прыйшлі вучні ва ўсе 12 класаў. Быў поўны набор. Мы самі былі здзіўлены. На самым пачатку было пад дзвесце вучняў. Гэта многа. Зараз у нас усіх 136 школьнікаў, — успамінае Леакадзія Мілаш. Настаўніца з захапленнем прыгадвае атмасферу, якая панавала ў пачатку 90-х. Тады дырэкцыя цесна супрацоўнічала з „Сябрынай”, запрашала дзеячаў на кожную ўрачыстасць, ладзіла сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і мастакамі, адзначаліся патрыятычныя святы. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF