Ніва № 41 (2683), 14 кастрычніка 2007 г.

Свінячая гісторыя

Віктар САЗОНАЎ

Што такое свіння для беларускага селяніна? Усё! Гэта і мяса, і сала, і занятак, і надзея, і будучыня, і ўвогуле жыццё. Беларускі селянін за свіныя плечы і дзяцей гадаваў, якія, няўдзячныя да бацькоўскай працы ўсё жыццё наракалі, што іх душаць свіняцінай, ад якой таліі вясковых супермадэлек саступаюць гарадскім, і вяселле ім рабіў, калі белая фата згладжвала ўсе хібы твару і фігуры маладой, і вышэйшую адукацыю ім даваў, бо прафесары сталічных універсітэтаў таксама людзі, і таксама хочуць есці мінімум тры разы на дзень. А больш за ўсё любяць яны есці свініну, гэтак жа як і іншыя беларусы, незалежна ад навуковых тытулаў і ўвогуле адукацыі. Таму, калі ў Рыгора Міхасёва палеглі свінні, то той палічыў гэную падзею больш страшнай, чым канец свету.

І сапраўды. Што там той апакаліпсіс для ўсіх у адзін і той жа час, у параўнанні з тым, што ўва ўсіх людзей свінні як свінні, рохкаюць сабе і жыццём цешацца, пакуль іх печань гаспадар не далучыў на патэльні да цыбулі. А ў Рыгора тыя свінні, з пячонкай на тым месцы, якое забяспечвае натуральнае функцыянаванне ўсіх органаў, на ногі не ўстаюць. Паляглі, небаракі, як бульбоўнік увосень.

Што было рабіць? Адказ адназначны. Выклікаць ветэрынара. Балазей у калгасе такі быў. Праўда, казалі, што дыплом жывёльнага лекара ён купіў усё за тыя ж свіныя плечы, ну але ж не да галоўнага доктара раённай бальніцы звяртацца ў такой справе.

Ветэрынар прыйшоў праз гадзіну. Соўгаўся недзе (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF