Ніва № 15 (2657), 15 красавіка 2007 г.

За Чаромхай

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Чаромсе-Станцыі, перад крамай, што між расхадных дарог, якія выходзяць у Мядзвежыкі і Кляшчэлі, стаіць мураваны пабелены крыж. Надпіс на ім збіраецца ў вечную памяць, але яшчэ мне ўдалося ўхапіць ягоны пачатак: „Упокой Господи всех воинов убиенных в войне...” Пра гэты крыж я запытаў выходзячую з крамы кабету, а яна параіла мне за больш дэталёвай інфармацыяй звярнуцца да жанчыны, што жыве насупраць, з другога боку вуліцы.

Пажылая жанчына перабірала цыбулю для веснавой пасадкі, але ахвотна адгукнулася на маё пытанне. Гэта яна апякуецца тым крыжам, аднак пра тых ваякаў не магла мне нічога канкрэтнага расказаць. Яны, гаварыла, былі мабыць палоннымі, якіх у першую вайну вывелі з поезда і вось у гэтым месцы, дзе цяпер крыж, пабілі. І ці яны там асталіся, ці іх перапахавалі ў іншае месца, яна не ўмела мне сказаць, бо сама яна 1933 года нараджэння і пра той час мала ведае. Дадала яшчэ, што побач мураванага крыжа быў яшчэ драўляны, які, аднак, згніў, і бацюшка сказаў спаліць яго на тым месцы, на якім ён стаяў. За крамай стаіць яшчэ адзін крыж і пра краму гаварылі, што яна каля трох крыжоў. Жанчына яшчэ раіла мне здзерці з крыжа фарбу каб той невыразны надпіс лепш прачытаць, але пакарыстацца ейным дазволам я не паважыўся — не я ж, чужы там, тую фарбу клаў...

Ад самой Чаромхі да саміх Мядзвежыкаў жвіровая дарога цалкам у сасновым лесе. Таму лесу, у сярэднім, каля трыццаці гадоў. Значыць, пасаджаны ён быў у геркаўскі час (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF