Ніва № 41 (2630), 8 кастрычніка 2006 г.
Тутэйшыя XXI стагоддзяМікола ВАЎРАНЮК— За выдатную падтрымку мясцовай культуры, ура! — Уррааа! — аднадушна падтрымаў вядучага цырымонію натоўп пад сцэнай. — За вернасць родным караням, — дзякаваў другі прамоўца. — За паглыблянне шматкультурнасці рэгіёна, — пхаўся з абярэмкам кветак чарговы важны дзядзька. Народ біў у ладкі, раз-пораз задзіраючы галовы. Па небе плылі цёмныя, бы касцюмы чыноўнікаў, хмары. На месца тых, што адкацілі ў далячынь, з’яўляліся новыя. Рыхтык тое самае рабілася на сцэне. Калі карагод удзячных асабістасцей з кветкамі-дыпломамі набліжаўся да канца, пайшоў дождж. Свой першы юбілей святкаваў дзявочы калектыў. Урачыстасць праходзіла ў іх роднай вёсцы. Ніхто з чыноўнікаў: гмінных, павятовых, загадчыкаў культуры рознага ўзроўню не заікнуўся, што калектыў — беларускі. Насуперак рэпертуару, мовы артыстак, гледачоў і тых жа чыноўнікаў у прыватных размовах, са сцэны лілася нейкая ліслівая хлусня: „мясцовая культура, родныя карані, шматкультурнасць”. Прамоўцы як быццам гулялі ў жмуркі, быццам дамовіліся, што прайграе той, хто ўголас вымавіць слова „беларускі”. Не ведаю як хто, а я ўжо рыгаю ад слова „шматкультурнасць”. Усе падляшскія палітыкі, ад правага да левага экстрыму, скланяюць гэтае слова праз усе склоны. Калі хочуць пахваліцца навонкі рэгіёнам, то зараз за чыстай, нязнішчанай чалавечай рукой прыродай называюць другую тутэйшую вартасць: (...) |