Ніва № 26 (2615), 25 чэрвеня 2006 г.

Бывала па-рознаму

Аляксей МАРОЗ

Многа сем’яў з Істока (Дубіцкая гміна) савецкія агітатары падгаварылі выехаць на пастаяннае жыхарства ў Савецкі Саюз. Не ўдалося затое стварыць на вясковых палях калгаса, бо людзі другі раз не даліся абмануць прапагандзе. Стойкасць і адвага істоцкіх гаспадароў магла раззлаваць мясцовых і вышэйпастаўленых чыноўнікаў, бо доўга не спяшаліся яны ліквідаваць у вёсцы цераспалосіцу, што тармазіла яе развіццё. Ажно да 1969 года жыхары Істока гаспадарылі на вузкіх палосках поля, якія месцамі не перавышалі трох метраў шырыні, а цягнуліся нават да трох кіламетраў.

Прыйшлося жыць на чужым

Каля дзесяці сямействаў з Істока выехала ў Савецкі Саюз. Быў гэта неспатыканы ў наваколлі адсотак выехаўшых жыхароў, калі ўлічыць, што ў вёсцы было толькі каля пяцідзесяці хатаў.

— Гаварылі, што ў Савецкім Саюзе будзе добра і частка сялян паверыла, — кажа Міхал Жак.

— Казалі, што ў Расіі забралі ў нашых перасяленцаў дабытак і адправілі ў іншым напрамку, чым абяцалі. Адзін наш гаспадар не перанёс гэтага і памёр ад сардэчнага прыступу, — гаворыць Яўгенія Кот.

Калі пазней істоцкія выхадцы прыязджалі з Савецкага Саюза на Гайнаўшчыну, баяліся расказваць пра цяжкасці жыцця на новым месцы.

— Адзін чалавек тайком сказаў мне, што ў Расіі быў голад і ён варыў быдлячую шкуру, якую забраў з Польшчы і еў яе, — заяўляе Аляксандр Кот.

— Людзі пакінулі ў нас свае хаткі і паехалі на чужое, — дабаўляе спадарыня (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF