Ніва № 20 (2609), 14 мая 2006 г.

Белавежа пражыла турыстаў

Аляксей МАРОЗ

Жыхары Белавежы і навакольных вёсак, якія жывуць з турызму і агратурызму, радаваліся, што ў апошнія красавіцкія і першыя майскія дні наведала Белавежскую пушчу многа гасцей з розных гарадоў Польшчы. Паток турыстаў не ўзрадаваў старэйшых жыхароў славутай мясцовасці, якія раней звыкліся са спакоем і цішынёй. Аднак і гэтыя людзі пагадзіліся з новымі ўмовамі жыцця і адкрыта не наракаюць на складанасці, што ўзнікаюць разам з прыездам вялікай колькасці людзей.

У Белавежу прыехаў я ў пачатку вольнага ад працы перыяду, які прадоўжылі дзяржаўныя майскія святы. Хаця турысты з больш аддаленых ад Белавежскай пушчы гарадоў не паспелі яшчэ даехаць на белавежскую паляну, убачыў я ў цэнтры мясцовасці многа машын.

— Калі ў майскія вольныя ад працы дні з’едуцца турысты з розных куткоў Польшчы, цэнтральныя вуліцы Белавежы застаўленыя машынамі. Можа тады іх нават больш, чым у час Купальскага святкавання, — кажа Анна Скепка з Белавежы.

У гэтым годзе добрае надвор’е спрыяла турыстычнаму наезду на Белавежу. Калі ў Польшчы ішоў дождж і было холадна, па тэлебачанні інфармавалі, што ва ўсходняй частцы краіны будзе сонечна. Магчыма, што частка турыстаў, якія звыкліся ў маі адпачываць на поўдні або поўначы Польшчы, на гэты раз рашылася наведаць Белавежу, дзе моцны ўсходні вецер спыняў надыход хмар з захаду. Заказы ў белавежскіх гатэлях і многіх прыватных кватэрах былі зроблены загадзя. Тыя, што рашыліся на месцы знайсці начлег, мусілі шукаць кватэр, якія прапануюць начлежныя паслугі. У час такога наезду турыстаў нават людзі, якія не рэгістравалі сваёй дзейнасці, рашаюцца прыняць на начлег прыезджых. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF