Ніва № 12 (2601), 19 сакавіка 2006 г.

Дні Вольнай Беларусі

6 сакавіка ў Галерэі „Ventzi” адбылося адкрыццё выставы беларускай графікі, якое запачаткавала Дні Вольнай Беларусі, арганізаваныя Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам у Познані.

Выставу адкрыў запрошаны на мерапрыемства былы старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Станіслаў Шушкевіч. На адкрыцці прысутнічалі шматлікія госці, сябры беларускай арганізацыі, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў. Пасля прамовы гаспадароў галерэі, запрошаных гасцей прывітаў Віталь Воранаў і ўручыў заслужаным сябрам арганізацыі памяткі. Ён прэзентаваў таксама новы лагатып цэнтра — „Ярыла на кані” — запраектаваны беларускім мастаком, які жыве ў Познані, Маркам Максымовічам. У прывітальным слове Станіслаў Шушкевіч выказаў надзею, што ўжо неўзабаве Беларусь стане сапраўды вольнай краінай. Пасля Станіслаў Шушкевіч перарэзаў 25-метровую, бел-чырвона-белую стужку салідарнасці, якую госці ў знак яднання з вольнай Беларуссю прышпілялі да адзежы.

7 сакавіка Станіслаў Шушкевіч меў шэраг сустрэч з высокапастаўленымі палітыкамі. Падчас дыскусіі на тэму будучыні Беларусі С. Шушкевіч спаткаўся з Маркам Зюлкоўскім — віцэ-маршалкам Сената, прэзідэнтам Познані, рэктарам Вышэйшай школы грамадскіх навук, а таксама з Альдонай Камэлай-Савінскай — былой міністр фінансаў Польшчы. Пазней спадар Шушкевіч быў запрошаны на абед з прадстаўнікамі Права і справядлівасці. Пасля абеду Станіслаў Шушкевіч разам са старшынёй Права і справядлівасці Яраславам Качынскім усклаў кветкі пад помнікам Двух Крыжоў, месцам крывавага разгрому мірнай дэманстрацыі рабочых у 1956 годзе. Вечарам былы старшыня Вярхоўнага Савета прыняў удзел у рабочым спатканні з прадстаўнікамі Грамадзянскай платформы, апазіцыйнай да ўрада партыі. Пасля спаткання Станіслаў Шушкевіч і старшыня Беларускага цэнтра Віталь Воранаў былі гасцямі ў навінах дзяржаўнага тэлебачання. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF