Ніва № 1 (2590), 1 студзеня 2006 г.

Мастацтва ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

17 снежня ў Беларусі адзначаліся 81-я ўгодкі беларускага кіно. У Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, у Беластоку, Бельску-Падляшскім, Нараўцы і Белавежы з 15 па 17 снежня прэзентаваліся беларускія мастацкія і дакументальныя фільмы, узнагароджаныя на фестывалях. У гайнаўскім музеі адбылося адкрыццё мастацкай выстаўкі Сяргея Давідовіча-Зосіна. Ён адначасна і аўтар сцэнарыя да фільма „Свежына з салютам”, які ўзнік па яго вершаванай паэме. Мерапрыемства, якога галоўным арганізатарам было Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве, праходзіла пад дзвюма назвамі — Дні беларускага кіно і Дні беларускай культуры.

Ваенная тэма ў беларускіх фільмах

Сярод прэзентаваных фільмаў была мастацкая стужка „Глыбокая плынь” па матывах аднайменнага рамана Івана Шамякіна. Фільм, якога прэм’ерны паказ адбыўся ў маі мінулага года, атрымаў у Беларусі добрыя рэцэнзіі і выклікаў вялікае зацікаўленне публікі. У гайнаўскім музеі паказваўся ён двойчы і быў станоўча ўспрыняты белліцэістамі і дарослай публікай. Моладзь, выхаваная на заходніх баевіках, мела нагоду паглядзець беларускамоўны ваенны фільм. Паказаў ён малавядомыя сённяшнім вучням эпізоды з партызанскай дзейнасці беларускіх атрадаў у час ІІ сусветнай вайны. Старэйшая публіка, якая памятае рускія партызанскія фільмы, шукала ў стужцы беларускіх нацыянальных адметнасцей і, думаю, што ў нейкай ступені знайшла. Аднак пасля прэзентацыі ў Гайнаўцы мастацкага фільма „Анастасія Слуцкая” адчувалася патрэбу паглядзець на гістарычныя падзеі з даўнейшых часоў, але новыя мастацкія гістарычныя фільмы ў Беларусі не з’явіліся. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF