Ніва № 47 (2584), 20 лістапада 2005 г.

Не саромцеся сваёй мовы

Аляксей МАРОЗ

У час святкаванняў у гонар святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, якія праходзілі 8 лістапада ў прыхадской царкве Мужчынскага манастыра ў Саках, адбыўся расафорны пострыг Марціна Астапкевіча. На невялікай горцы сабралася многа людзей. Вернікі, якія не памесціліся ў царкве, шчыльна акружылі храм і слухалі богаслужбу з гучнагаварыцеляў.

Усяночную богаслужбу і літургію ўзначаліў епіскап Бельскі Грыгорый. Маліліся з ім святары і вернікі з розных мясцовасцей Беласточчыны ды паломнікі з аддаленых праваслаўных прыходаў, распаложаных у розных месцах Польшчы. З пропаведдзю выступіў айцец Яўгеній Канаховіч, які ў раннім дзяцінстве атрымаў аздараўленне перад цудатворнай іконай святога велікамучаніка Дзімітрыя ў Саках. Пасля таго, як конь ударыў капытом у галоўку маленькага Яўгенія, яго здароўе хутка пагоршвалася. Калі хлопчыка прывезлі ў царкву, ён быў непрытомны. Пасля гарачых малітваў бацькоў і прылажэння хлопчыка да іконы святога, Яўгеній аздаравеў і самастойна выйшаў з царквы. Калі стаў ён святаром, не забываў пра царкву ў Саках і прыязджаў сюды маліцца. У час сёлетняга святкавання айцец Яўгеній многа ўвагі адвёў справе захавання роднай мовы.

— Не саромцеся сваёй мовы. Мова наша не горшая за іншыя. Вучыце дзяцей размаўляць на роднай мове, бо чужую навучацца яны ў школах разам з англійскай, нямецкай і іншымі. Без сваёй мовы мы будзем засыхаць як раслінкі без каранёў, — заявіў айцец Яўгеній Канаховіч. Заклікаў ён любіць іншых людзей і ў цяжкі час звяртацца з малітвамі да Бога, Божай Маці і святых. Вернікаў Сакоўскага прыхода прасіў не забываць пра велікамучаніка Дзімітрыя і прыходзіць да яго з разнароднымі просьбамі...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF