Ніва № 43 (2580), 23 кастрычніка 2005 г.

Беларуская сцяна

Віктар САЗОНАЎ

Хто не ведае пра існаванне аднаго з цудаў свету —Вялікай кітайскай сцяны. Здаецца, кожны дарослы чалавек можа сказаць пра яе колькі слоў. Пра тое, што гэты мур будаваўся не адно стагоддзе і што на яго будаўніцтве загінула мноства людзей, частка з якіх замураваная ў самой сцяне за пэўныя правіны. І што яна планавалася як абарончае збудаванне, якое мусіла спыніць набегі качавых плямёнаў на створаную кітайскімі імператарамі краіну. Але мала хто гаворыць, што менавіта гэтае абарончае збудаванне сталася адной з прычын аслаблення імперыі і яе гібелі.

Гісторыя, як гаворыцца, вучыць, але, на жаль, не ўсіх. З 1994 года ў маладой беларускай дзяржаве ўлады сталі будаваць свае сцены. Напачатку гэта былі памежныя зоны, якія мелі на мэце аддзяліць сцяной Беларусь (і не толькі Беларусь) ад заходніх суседзяў. (На ўсходзе ў гэты час выкопваліся памежныя слупы. Зразумела, якія чужынцы былі аўтарамі гэтых планаў). Далей — болей. Палітыка беларускіх улад прывяла да візавага рэжыму з бліжэйшымі заходнімі і паўночнымі суседзямі, сцяна працягвала будавацца. Але і гэта не магло гарантаваць непахіснасці ўлады. Заставаліся яшчэ і людзі, якія маглі, як тыя кітайскія сяляне, паспрабаваць правесці змены па гэты бок сцяны. І тут сталі ад іх будавацца ўнутраныя сцены. Неверагодная колькасць спецслужбаў, міліцыі, АМАПу, унутраных войскаў... Яны выдатна ўжо зарэкамендавалі сябе ў закулісных гульнях і на вулічных акцыях як магутная сцяна, якая не дасць суайчыннікам прыблізіцца да ўладу маючых. А кожнага трэба накарміць, апрануць, даць заробак... І то не абы-які, бо за малыя грошы наўрад ці хто пагадзіцца стаць цаглінкай у вялікай сцяне. І ці доўга вытрымае гэта беларуская эканоміка, калі маладыя працаздольныя хлопцы, замест удзелу ва ўсталяванні айчыннай эканомікі, вучацца махаць палкай...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF