Ніва № 43 (2580), 23 кастрычніка 2005 г.

Самапаланізацыя

Яўген ВАПА

Яблык не падае далёка ад яблыні, — гаворыць народная прыказка. Горш, калі гэта яблык разладу. А такім, напэўна, з’яўляецца рашэнне епіскапа Беластоцкага і Гданьскага Іакава наконт увядзення з нядзелі, 16 кастрычніка, польскай мовы ў багаслужбы ў дзвюх беластоцкіх цэрквах. Такім чынам беластоцкі іерарх стаўся спадкаемцам самапаланізацыйнай палітыкі Царквы, якой гарачым прыхільнікам у 30-х гадах ХХ стагоддзя быў епіскап Гродзенскі Сава Саветаў. Здаецца, што і тэрмін першых польскіх багаслужбаў быў выбраны невыпадкова. Менавіта ў гэтую ж мінулую нядзелю ўся Польшча адзначала папскі дзень, прымеркаваны да даты выбару вялікага паляка Кароля Вайтылы на папу рымскага Яна Паўла ІІ. Шкада толькі, што епіскап Іакаў, народжаны непадалёк Кленік, дзе ў наваколлі жывуць толькі беларусы і ніхто ў штодзённым жыцці не карыстаўся іншай мовай як сваёй, а ў вясковай школе вучыўся беларускай літаратурнай мове, з такой лёгкасцю цураецца свайго роднага.

Для нас, беларусаў Беласточчыны, якія складаюць самую вялікую частку праваслаўных вернікаў Польшчы, вестка пра польскія багаслужбы была нечаканасцю і навіной вельмі балючай. Справа ў тым, што ў большасці на плячах нас, беларусаў, спачывае цяжар утрымлівання Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Гэта ж за грошы нас, вернікаў, будуюцца небачосныя храмы, якімі ўсе так захапляюцца. Нашы людзі — глыбока веруючыя, адданыя Богу і сваёй нацыянальнасці. Тое, што маюць быць набажэнствы на польскай мове, нас не толькі здзівіла, але забалела і абурыла.

Калі ўводзіцца польская мова, дык узнікае пытанне: а чаму ж не ўвесці беларускую мову? Калі ў праваслаўных храмах на поўдні Польшчы гучыць украінская мова, дык відавочна Бог разумее па-ўкраінску. Бог разумее ўсе мовы свету і быццам бы не хоча разумець толькі па-беларуску.

Думаю, што беларуская мова таксама зразумелая і мілая Богу, і Бог быў бы ўсцешаны, калі б з Беласточчыны даляталі да Яго малітвы на беларускай мове. Мы ж людзі адкрытыя. Калі ёсць патрэба служыць для некалькіх соцень сапраўдных палякаў, якія прынялі праваслаўе па-польску — калі ласка. Але ж мы, беларусы, шматтысячная і асноўная частка ўсіх праваслаўных вернікаў, ужо ж колькі гадоў просім і дабіваемся багаслужбаў на беларускай мове. Але іх няма. Гэта для нас вельмі прыкрая справа. З боку духавенства гучаць часта тлумачэнні, што нібыта няма беларускіх перакладаў Святога Пісання. Але ж яны ёсць і прытым па-суседску. Няўжо цяжка заказаць пераклады, якія выдала Праваслаўная царква ў Беларусі. Гэта невялікі выдатак. Можна імі забяспечыць і святароў у прыходах, і настаўнікаў рэлігіі ва ўсіх школах. А можа Беларусь і беларускасць толькі тады добрыя, калі бясплатна даруюць цэглу і іншыя будаўнічыя матэрыялы на адбудову Супрасльскага манастыра? Гаворачы аб прычынах увядзення польскай мовы, епіскап Іакаў тлумачыў, што маладыя людзі не разумеюць царкоўнаславянскай мовы і не ведаюць кірыліцы. Сумная праўда аб стане царкоўнай адукацыі. А чаму ж гэта не можна на Беласточчыне весці ў школах навучання закону Божага для дзяцей і моладзі па-беларуску? На пачатак можна было б такія заняткі весці ў тых школах, дзе і так вядзецца навучанне беларускай мовы. А потым пашыраць з карысцю для Царквы і народа. Каб быць разам. А так страчана ўжо столькі гадоў і цэлае пакаленне. Супольнымі намаганнямі можна гэты працэс змяніць, але перад усім мусіць быць добрая воля з боку Царквы. Менавіта і ў гэтай дзялянцы павінен акытывізавць сваю працу пасол Яўген Чыквін. Узамен за галасы праваслаўных беларусаў можа паспрыяць, каб мы пачулі Божае слова на роднай мове. Зараз пытанне стаіць гэтак: ці мы хочам мець у царкве вернікаў, ці турыстаў. Тут справа адназначная. Калі хочам мець вернікаў, дык мова павінна быць таксама і беларуская, а калі ў цэрквах хочам мець турыстаў, каб яны не былі пустымі, то тады — польскую мову.

Трэба памятаць, што моц праваслаўя ў Польшчы заўсёды асноўвалася на тым, што яно падтрымлівала моўную адметнасць. У даным выпадку, калі Царква прынцыпова ставіць націск на польскасць, гэта мне нагадвае прымусовую паланізацыю ў 1930-х гадах, але гэтым разам па сваім жаданні.