Ніва № 37 (2574), 11 верасня 2005 г.

Свой дом

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

Доўгімі днямі ў маім шматкватэрным доме пануе грукат і ляскат. Пачынаецца гэта з раніцы і канчаецца позна ўвечары. Часам здараецца нават уночы. А доўжыцца гэта амаль цэлы год, можа з перапынкам на самыя кароткія зімовыя месяцы. Тых, каго я заінтрыгаваў, мушу расчараваць, бо гутарка не пра загадкавы полтаргейст ці нейкія прывіды сівой даўніны. Гутарка пра сацыяльную з’яву, якая на постсавецкай прасторы называецца „рамонт”. Нашы людзі проста апантаныя рамонтамі, а забіванне цвікоў, габляванне і струганне гэта іх найвялікшая жарсць, даведзеная да істэрыі.

Ёсць у гэтых паставе і дзеяннях падвойнае тлумачэнне. Першае натуральнае. Як ні стараліся (і стараюцца далей!) савецка-расійскія ідэолагі перарабіць беларуса на маскоўца, ім гэта ніяк не ўдаецца. Беларус паводле кроўнай прыроды — гаспадар. Цяперашнія насельнікі беларускага горада — гэта ўчарашнія вяскоўцы. Яны нарадзіліся ў сваіх хатах і выраслі на панадворках, дзе іх бацькі і дзяды мусілі дбаць пра парадкаванне свайго дому і дабрабыт. Унутраная патрэба працаваць „на сябе”, „на сваё” засталася на генетычным роўні.

З іншага боку ў светаглядзе чалавека адбылася падмена паняткаў. Людзі працуюць „на сваё”, не маючы яго. Нашыя людзі не разумеюць, што насамрэч яны не маюць аніякага дому. Бо атрыманая праз усё працоўнае жыццё кватэра, якая для некаторых зусім недасягальная мара, ёсць для іх канцовай мэтай. Ім не належыць нават нажыты дзесяцігоддзямі скарб, бо чалавек і яго маёмасць абаронены праўна толькі фармальна. Старая брытанская прымаўка „Мой дом — мая крэпасць” не пра нашую краіну...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF