Ніва № 31 (2568), 31 ліпеня 2005 г.

Здольнасць на ўчынак

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (тады яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі). „Пятнаццаць год таму пад гэта танцаваў увесь свет...”. Насамрэч усё па нацыянальных мерках было спакойна, без вулічных карнавалаў і феерверкаў. Значнасць падзеі разумееш праз гады. 27 ліпеня пракаветная мара многіх пакаленняў беларусаў увасобілася ў рэальную дзяржаўнасць. Памкненні БНР паспелі рэалізавацца ў дваццатым стагоддзі. Пад рамантычны жыватворчы ўздым нацыянальнага Адраджэння і скрыгат зубоў шавіністых усіх масцей. Што значыла дата 27 ліпеня 1990 года ў гісторыі Беларусі, будзе ацэнена ў прышласці, куды зазірнуць ніхто з нас, на жаль, не можа.

Неаднаразова даводзілася чытаць і чуць ад палітолагаў-інтэлектуалаў ды гісторыкаў-аб’ектывістаў, што беларусы не заслужылі суверэнітэту, што незалежнасць звалілася ім на галаву як падарунак лёсу. Што вызначальным быў знешні фактар. Толькі такія аналітыкі „забываюць” альбо не хочуць асэнсаваць, што гэты падарунак аплочаны крывёю соцень тысяч людзей, стагоддзямі перманентнага змагання і ахвярнасці. І нават калі ўспомніць пярэдадзень Дэкларацыі, то як не ўзгадаць шырокія народныя выступы ў Беларусі. Прыкладам, масавая дэманстрацыя памяці ахвяраў сталінізму 30 кастрычніка 1988 года (маштабаў якой, хіба, не мела аніводная савецкая рэспубліка) была брутальна разагнаная ўладай з выкарыстаннем гумовых палак і слезацечных газаў. Такое было ўпершыню на тэрыторыі Савецкага Саюза. А самаадданая праца дэпутатаў дэмакратычнай апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, якіх на вуліцах падтрымваў шырокі Беларускі Народны Фронт і якія апантана „прабівалі” зацятую камуністычную бальшыню і дамагаліся, здавалася, немажлівага...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF