Ніва № 28 (2565), 10 ліпеня 2005 г.

Беларуска-нямецкія сувязі

4 ліпеня споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, кандыдата філалагічных навук, даследчыка беларуска-нямецкіх узаемасувязей, прапагандыста беларускай літаратуры і культуры за мяжой Уладзіміра САКАЛОЎСКАГА. Наш карэспандэнт сёння гутарыць з юбілярам і жадае яму здароўя і творчага плёну.

— Што было для Вас важным у Вашай літаратуразнаўчай працы?

— Важным дасягненнем у галіне выбранай мною тэматыкі — беларуска-заходнееўрапейскіх культурных сувязяў, дзе я актыўна працую ўжо больш 30-ці гадоў, была прага таго, каб як мага больш праўдзіва і ва ўсёй яго складанасці паказаць працэс іх станаўлення і развіцця, далучэння беларускай культуры да агульнаеўрапейскіх набыткаў, да таго, як павольна і з якімі цяжкасцямі ішоў працэс знаёмства з ёю ў Заходняй Еўропе, якія перашкоды ўзнікалі на гэтым шляху.

Гэтаму прысвечаны больш 150 публікацый і 5 кніг, выпушчаных беларускімі і замежнымі выдавецтвамі. Акрамя таго, некалькі кніг ляжаць падрыхтаванымі да выдання і чакаюць магчымасці іх друкавання. Гэта «Надзвычайная місія БНР у Берліне», «Беларуска-нямецкія культурныя сувязі ў час першай сусветнай вайны. Матэрыялы і дакументы, 1915-1918» — аднаго з найбольш інтэнсіўных і багатых перыядаў беларуска-нямецкіх культурных сувязяў ХХ ст., «Прысутнасць беларускай культуры ў Заходняй Еўропе (Нямеччына, Англія, Аўстрыя, Швейцарыя)». Да таго ж трэба далучыць яшчэ і нарысы пра нямецкіх навукоўцаў: праф. Рудольфа Абіхта, д-ра Альберта Іпеля — мастацтвазнаўцы і гісторыка, Яўгена Энгельгарта, якія ўнеслі не толькі самы значны ўклад у знаёмства нашага краю з Нямеччынай, але і прычыніліся да развіцця беларускай культуры часу першай сусветнай вайны. Важнасць іх публікацый заключалася ў тым, што яны ў сваіх працах не толькі знаёмілі нямецкі народ з жыццём і культурай беларусаў, але і паказвалі іх духоўныя набыткі ў нацыянальным абліччы з надзеяй на адраджэнне самой Беларусі, як дэмакратычнай рэспублікі; у той час як пераважная большасць навукоўцаў і палітыкаў рускай, савецкай, польскай і літоўскай арыентацыі імкнуліся да супрацьлеглага: адмаўлялі беларускаму народу ў самастойнасці, у здольнасці развіваць самастойную культуру і дзяржаўнасць з мэтай захопу і падзелу яе тэрыторыі...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF