Ніва № 21 (2558), 22 мая 2005 г.

Скокі на касцях

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

Брытанскі палітык Нэвіл Чэмберлен казаў: „У вайне не бывае пераможцаў, ёсць толькі прайграныя”. З гэтым нельга не пагадзіцца, бо кожная вайна — гэта мноства нявінных ахвяр, безліч зламаных, скалечаных лёсаў. Другая сусветная вайна не можа быць тут выняткам. Але апошнія два ці тры месяцы ў расійскіх і асабліва беларускіх сродках масавай інфармацыі чуем і назіраем сапраўдную істэрыю з нагоды перамогі СССР над Нямеччынай шэсцьдзесят гадоў таму. Расіян то яшчэ можна зразумець, паколькі ганарыцца ім у сваёй гісторыі, якая спрэс складаецца з заваёўных крывавых войнаў, асабліва няма чым, ды і другая сусветная вайна для іх была сапраўды айчыннай. Што ж датычыць Беларусі, то сутнасць гэтай вайны для нас куды складанейшая. Наўрад ці можам лічыць яе айчыннай, бо, беларусы, заціснутыя паміж сталінскай вынішчальнай машынай і фашыстоўскімі войскамі, змагаліся, як часта бывала ў нашай гісторыі, зусім не за свае інтарэсы. Асабліва, што датычыць Заходняй Беларусі, дзе масавага савецкага патрыятызму не магло быць у прынцыпе.

Днямі спаткаў я на вуліцы спадарыню Н., разгаварыліся. У яе зусім іншае ўспрыманне гэтай вайны, чым у дзяржаўных прапагандыстаў. Яе бацьку-франтавіка пасля 1945 г. зрабілі ворагам народа і выслалі ў савецкі канцлагер. Лёс досыць тыповы для беларусаў, такіх праўдзівых жыццёвых гісторый шмат. Пераважная бальшыня сапраўдных ветэранаў-франтавікоў ужо паўмірала, прычым амаль усе ў бядноце. Ніхто з ветэранаў-беларусаў, якіх давялося ведаць, не любіў расказваць пра тую жахлівую вайну. Так сама, як ніхто з удзельнікаў савецка-афганскай вайны ніколі вам не будзе пра яе апавядаць. Бо вайна — гэта не паказушны гераізм, вайна — гэта смерць і кроў, боль і слёзы. Хто ж тады не вылазіць з экранаў тэлевізараў, пачэсных залаў і цэнтральных пляцаў нашых гарадоў? Значная частка такіх ветэранаў — гэта рознага кшталту штабісты, стралкі з так званых «загрядотрядов» (тыя, што стралялі ў плечы, уздымаючы «масавы гераізм»), энкавэдысты і, здаецца, ужо нават іх дзеці, якія ў вайну былі падлеткамі. Як той казаў, «не старэюць душой ветэраны, бо не мелі на целе ні раны». Гэты слой удзельнікаў вайны жыў няблага і ў савецкія часы. Кожны з іх атрымаў ад дзяржавы па дзве-тры кватэры, меў усялякія льготы. А за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі яны пераўтвораны ў сапраўдную касту, жывых ідалаў, якім патрабуюць бясконца пакланяцца (з гісторыі мы добра памятаем словы «спасибо товарищу Сталину за счастливое детство»)...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF