Ніва № 21 (2558), 22 мая 2005 г.

Люблю мой край...

Ганна КАНДРАЦЮК

У мінулым годзе, калі я наведала школу ў Ягуштове, Ігар Лукашук, настаўнік беларускай мовы, спяшыў у Беласток на курсы прысвечаныя школьна-грамадскім праектам. Як былы шэф Звязу беларускай моладзі, ведаў ужо як раздабыць сродкі на дзейнасць, аднак шукаў магчымасцей, вучыўся.

Сёння сустракаемся, каб пагутарыць пра яго краязнаўча-адукацыйны праект: „Ягуштова — прызабыты свет”. Сродкі на дзейнасць школа атрымала ад Фонду падтрымкі вёскі (Fundacja Wspomagania Wsi).

— Хочам захаваць мікратапанімы, — кажа Ігар Лукашук.

Што гэта абазначае на практыцы? Запішуць усе назвы палёў і ўрочышчаў ды памесцяць іх на плане мясцовасці. Паколькі ў школе вучні з усёй Бельскай гміны (каля 56 вёсак), праект засяродзіўся на Ягуштове — сяле з мяшчанскімі традыцыямі, духовай культурай і славутымі выхадцамі. Праца ўжо пачалася. Значыць так: школьнікі ходзяць у народ — найлепшыя інфарматары гэта дзядулі, бабулі, пакаленне дзядоў. Пытаюць як по-своему калісь называлі той, або іншы кут, рэчку, луг... Пасля рысуюць карту мясцовасці і значаць яе адшуканымі словамі.

Падрыхтоўка такога плана патрабуе дакладна назваць усе дэталі: усе кварталы вёскі, дарожкі, прыналежныя палі, лугі, лес, рэчку, багну. Гэта не ўсё. Наадварот — зараз прыходзіць самы цікавы момант. Аўтар можа выказацца мастацкімі і літаратурнымі здольнасцямі. Словам, апісаць ды растлумачыць адкуль усё пачалося, прывесці легенду або гісторыю гэтага маленькага фрагмента роднага наваколля. Хоць у першую чаргу праект працуе на Ягуштова, кожны вучань абавязаны апрацаваць сваю родную вёску. Настаўнік паказвае мастацкі план Марціна Пятроўскага з Пасынак. Яго карта багатая дэталямі, прыгожая як „графіка на сцяну”.

— Марцін збіраецца ў Супрасльскі мастацкі ліцэй, — адзначае Ігар Лукашук, — заўтра павязе дакументы ў новую школу. — Настаўнік таксама перажывае за поспех Марціна...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF