Ніва № 19 (2556), 8 мая 2005 г.

Неўпакойная магіла

Міхал МІНЦЭВІЧ

Вулька-Тэрахоўская, якая налічвае за сотню жыхароў, распаложана ў Чаромхаўскай гміне кіламетр ад мяжы з Беларуссю. Пад нямецкай акупацыяй за дапамогу хаваючымся савецкім салдатам гітлераўцы расстралялі адзінаццаць яе жыхароў. Пахавалі іх у месцы забойства на прыватным участку. Некалькі гадоў назад удалося мне паразмаўляць са сведкамі тадышняй трагедыі.

— У другую сусветную вайну ў Вульцы-Тэрахоўскай скрывалася двух савецкіх салдатаў. Адзін з іх, Уладзімір Харытонаў, звыш года жыў у нашым доме, а другі ў майго будучага цесця, — успамінае Люба Вэрэмчук з роду Зінчукоў. — Немцы нічога не падазравалі. Памятаю, як немцы нечакана з’явіліся на цесцевым панадворку. Тады ягоны сын і той салдат, якога прозвішча ўжо не помню, схаваліся ў свіран. Гаспадар пачаставаў немцаў бочкай мёду і гэта адвярнула іх увагу.

Даўжэйшы час утрымоўваўся спакой, але пазней нехта пачаў даносіць. Аднойчы раніцай прыехалі немцы і забралі аднаго гаспадара, вывезлі і недзе яго забілі. Ягонага ж сына гналі амаль тры кіламетры праз цэлую вёску ў Чаромху; усю дарогу тузалі яго нямецкія сабакі. На другі дзень людзі пахавалі яго на тым месцы, але зараз пасля вайны ягоная маці перапахавала цела сына на могілкі.

Расстрэл у Вульцы-Тэрахоўскай адбыўся 22 жніўня 1942 года пасля даносу аднаго вяскоўца. Праўдападобна выдаў кум кума, бо ў вёску ён ужо не вярнуўся, немцы яго кудысь вывезлі і забілі. У немцаў быў спісак прыгавораных на смерць людзей. Атрад прыехаў на золаку і шчыльна ачапіў вёску. Наш тата, Фёдар Зінчук, акурат трымаў варту ў вёсцы, але не мог нікога папярэдзіць, бо было ўжо поўна немцаў...


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF