Ніва № 12 (2549), 20 сакавіка 2005 г.

Віктару Шведу споўнілася 80

Размова з Віктарам ШВЕДАМ.

Ніва: — Што вырашыла ў Вашым жыцці, што Вы да сёння засталіся беларусам?

Віктар Швед: — Думаю, што першае і найважнейшае гэта тое, што я нарадзіўся беларусам. У маёй вёсцы Мора ніхто не гаварыў ні на польскай, ні на рускай мове. Польская мова паяўлялася ў нашай вёсцы толькі з паліцэйскім, які прыходзіў са штрафам, або зборшчыкам падаткаў. Гэтыя варожыя людзі выклікалі ў дзяцей страх і яны ад іх уцякалі і хаваліся. І калі я ўпершыню паявіўся ў школе, мяне здзівіла, што настаўнік паслугоўваецца такой жа мовай як паліцэйскі. І што гэта польская мова. Не па-айчыннаму таксама гучалі словы савецкага афіцэра, які, канфіскуючы маім бацькам збожжа ў 1939 годзе, гарланіў: „Вы, кулачьё, не подохнете, у вас, наверняка, имеются запасы”.

Зразумела, што не на гэтых мовах спявала мне мама калыханкі і не на гэтых мовах будзіла мяне раніцай пасвіць хатнюю жывёлу.

І так маю беларускасць вырашыла старая дзедава хата са спарахнелым парогам, дзедаў панадворак і вёска Мора са старым ветраком.

Далейшы мой кругагляд гэта навука ў Беларускай дзесяцігодцы ў Орлі. Там я ўпершыню сустрэўся з беларускай літаратурнай мовай і там даведаўся, што на беларускай мове можна вывучаць усе школьныя прадметы, а нават пісаць вершы. Марыў я, каб быць у жыцці журналістам. У пошуках магчымасцей першай у жыцці працы ў Варшаве апынуўся я ў Польскім прэсавым агенцтве (ПАП) у кабінеце галоўнага рэдактара Юліі Мінц. Калі я назваў сябе беларусам, пані Мінцова адказала: „Прымаем. Няма яшчэ ў нас польскага беларуса”.

Мне здаецца, што я ніколі не меў сумніву, што магу быць асобай іншай нацыянальнасці чымсьці беларуская. Цяпер, калі я ўжо падагульваю шлях свайго жыцця, мне здаецца, што я не толькі быў беларусам, але і вельмі хацеў ім быць. Я заўсёды намагаўся пашыраць свае веды па этнаграфіі і гісторыі беларускай літаратуры. І мяне надта здзіўляе, што не цікавіць гэта маіх землякоў.

І таму мне было лягчэй жыць у польскім асяроддзі ў Варшаве чым беларусам, якія скрывалі сваю нацыянальнасць, жылі быццам у падполлі, баючыся, як гэта кажуць, свайго ценю.

— Якія думкі навейваюцца Вам, калі думаеце пра беларускую вёску і меншасць у Польшчы на пераломе ХХ і ХХІ стагоддзяў?

— Беларускія вёскі на Падляшшы скалясіў я, як гэта кажуць, уздоўж і ўпоперак. Сустракаўся я са школьнай моладдзю і дарослым насельніцтвам нашых беларускіх вёсак у шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады, калі вёскі былі яшчэ даволі жывыя і шматлюдныя. Насельніцтва нашых вёсак цікавілася тады яшчэ беларускай дзейнасцю, чакала выступленняў беларускага эстраднага калектыву „Лявоніха”, чакала кінаперасоўку з цікавымі кінафільмамі, чакала прыезду беларускіх паэтаў з вершамі. На жаль, ад таго часу абставіны, жыццё гэтых вёсак нечувана змянілася. Маладыя людзі, дочкі і сыны а таксама ўнукі вясковых бабуль і дзядуль, павыязджалі ў гарады. Шчасце яшчэ ў тым, што гэтыя бабулі і дзядулі, якія асталіся дажываць свой век у вёсках, сталі пенсіянерамі, атрымалі скромныя сродкі на сваё ўтрыманне. Вёскі паступова становяцца бязлюднымі, ніхто асабліва імі не цікавіцца. Вясковая зямля ляжыць аблогам, зарастае травою, хмызняком, лесам. Белавежская пушча пашырае свае межы. Дзяржаўныя ўлады мала цікавяцца лёсам нацыянальных меншасцей, аб чым сведчыць хаця б закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях, які больш за дзесяць гадоў абмяркоўваў наш Сейм.

Хіба адна надзея ў Еўрасаюзе, які магчыма, паўплывае на нашы польскія дзяржаўныя ўлады, каб яны ў рэшце рэшт заняліся лёсам нацыянальных меншасцей у Польшчы.

— Як Вы, з вопыту свайго ўзросту і літаратурных дасягненняў, бачыце ролю беларускага слова ў нашай Малой айчыне?

— На працягу паўстагоддзя маёй літаратурнай працы меў я розныя погляды на ролю беларускага слова ў жыцці беларускага насельніцтва нашай Малой айчыны. Быў такі перыяд, калі мне здавалася, што я сваёй паэзіяй стрымаю ў нейкай ступені працэс маланкавай асіміляцыі беларускага насельніцтва ў Польшчы. Мае спадзяванні рассыпаліся пасля агульнапольскага перапісу насельніцтва ў 2002 годзе. У гэтым перапісе большая частка беларускага насельніцтва пражываючага ў Польшчы пацвердзіла сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці. Нашы вёскі пусцеюць, старыя людзі адыходзяць у вечнасць, а тыя, што чакаюць сваю чаргу, сядзяць пры тэлевізарах з польскай праграмай і роднае беларускае слова штораз менш іх цікавіць.

Суцяшальнай з’явай з’яўляецца тое, што беларусы, пражываючыя ў гарадах, у першую чаргу наша моладзь, штораз часцей прызнаецца да сваіх беларускіх каранёў і шукае кантактаў з беларускім словам, з роднай песняй.

Цешыць мяне той факт, што беларускія эстрадныя калектывы ў Беластоку штораз часцей выкарыстоўваюць беларускі песенны рэпертуар, ды не толькі з прычыны беларускіх фестываляў, і перакладаюць цікавыя песні розных народаў на беларускую мову.

Мне цяпер здаецца, што меў я вялікае шчасце вучыцца ў беларускіх школах і шырэй знаёміцца з дасягненнямі беларускай мовы, мастацкай літаратуры і культуры. Адначасова адношуся з вялікай пашанай да тае маладой беларускай інтэлігенцыі ў Беластоку, якая, нягледзячы на тое, што не вывучала беларускай літаратурнай мовы ў такіх школах як я, дасканала ёю валодае.

Будучы ўжо на зыходзе, маю вялікую надзею, што маладая беларуская інтэлігенцыя ў Беластоку не дазволіць памерці роднаму беларускаму слову ў нашай польскай краіне.

— Дай Божа. Вельмі дзякуем за размову.

Распытвала Міра ЛУКША