Ніва № 12 (2549), 20 сакавіка 2005 г.

Гаспадарыць у Еўрасаюзе

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы 4 сакавіка адбылася сустрэча солтысаў і земляробаў Гайнаўскага павета з павятовымі і ваяводскімі ўладамі Агенцтва мадэрнізацыі і пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі. У спатканні ўдзельнічаў дырэктар белліцэя Яўген Сачко і кіраўнікі ўстаноў, якія працуюць у карысць сельскай гаспадаркі. У час сустрэчы былі падведзены вынікі мінулагодняй дапамогі гаспадарам. Чыноўнікі напомнілі пра сёлетнюю фінансавую дапамогу, накіраваную ў адрас жыхароў вёсак і прадпрыемстваў, якія займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчых прадуктаў.

У пачатку спаткання выступіў Войцех Шчапкоўскі — дырэктар Падляшскага аддзялення Агенцтва мадэрнізацыі і пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі. Сказаў ён, што сяляне Гайнаўскага павета былі менш рашучымі ў параўнанні да жыхароў іншых паветаў нашага ваяводства і краіны. Беларускія гаспадары больш недаверлівыя ў адносінах да еўрасаюзнай дапамогі, у большай ступені разлічваюць на вынікі ўласнай працы. Частка сялян, якія зарэгістравалі свае гаспадаркі, увогуле не выступіла за фінансавай дапамогай.

— Гайнаўскі павет цалкам розніцца ад іншых паветаў у Польшчы. Нашы гаспадары вельмі працавітыя, але баяцца змен. Нам ніколі не давалі нічога дарам і можа таму некаторыя гаспадары не хацелі выступаць за дапамогай, — заявіў Мікола Яноўскі — кіраўнік гайнаўскага павятовага бюро агенцтва, які расказаў пра мінулагоднюю дапамогу сялянам Гайнаўшчыны. Гаспадары Гайнаўскага павета атрымалі больш за 15 мільёнаў зл. у якасці падставовых даплат і каля 6 мільёнаў зл. даплат за складаныя ўмовы гаспадарання...

(...)