Ніва № 12 (2549), 20 сакавіка 2005 г.

Уводзіны па-гарадоцку

Ганна КАНДРАЦЮК

Хоць у Гарадку снегу па шыю — у гімназіі атмасфера як у жніво. На сцэне, перад якой рассядуцца чыноўнікі і госці з ваяводства і суседніх гмін, растрэсеная салома. Пераапранутыя за жнеек гімназісткі з беларускай групы ахвотна расказваюць аб сваёй пастаноўцы „Дажынкі”.

— Будуць там, — папярэджваюць, — натуралістычныя сцэны, напрыклад, як юрлівы аканом Фёдар пачне „тузаць” дзяўчат. — Але што зробіш, — смяюцца дзяўчаты, — фальклор ёсць фальклор! Разам рыхтуюцца жанчыны з калектыву „Расспяваны Гарадок” — гэта іхняя п’еса, напісаная на аснове даваенных успамінаў і песень часоў прыгону.

— Заўсёды можам разлічваць на дапамогу нашых спявачак, — кажа настаўніца беларускай мовы Тамара Бялькевіч.

Чаму ў Гарадку зімовай парой ставяць спектакль пра жніво? Ёсць тут свая логіка — гэта свайго роду сімвалічнае завяршэнне праекта. Вось, пасля двух гадоў пабудовы, менавіта 9 сакавіка г.г. у Гарадоцкай гімназіі адкрылі вясковую хатку-музей. І дзень яе адкрыцця стаў святам для многіх жыхароў ды саміх гімназістаў.

* * *

У залу заходзяць першыя госці. Прыехаў староста Веслаў Пуш са сваім намеснікам, віцэ-дырэктар Ваяводскага асяродка анімацыі культуры Барбара Пахольская, шэф Памежнай стражы Сільвестар Чарнецкі. Ёсць гмінныя ўлады з войтам Веславам Кулешам і праваслаўнымі айцамі: Міколам Астапчуком, Яўгенам Міхальчуком, Раманам Кішыцкім ды каталіцкім ксяндзом Анджэем Садоўскім. Прыехаў Яўген Семянюк, былы войт Гарадоцкай гміны, які на прывітанне атрымаў спантанныя і бурныя воплескі. Прыехалі госці з Міхалоўскай і Заблудаўскай гімназій. І, вядома, выканаўцы і спонсары праекта, бацькі ды дзядулі вучняў.

Феномен гарадоцкай хаткі-музея заключаецца ў тым, што будаваўся ён практычна на энтузіязме добрых людзей, якія ахвяравалі не толькі экспанаты і будаўнічыя матэрыялы, але і сваю працу.

— Запрашаем на сцэну пана Анджэя Бачко! — дырэктар Анна Грыцук падрыхтавала віншавальныя граматы і кожнаму паасобку дзякуе, пералічвае заслугі. Грамат больш за трыццаць, але пан Бачко атрымлівае найбольшыя воплескі ад моладзі. Гэта школьны сантэхнік, ён, можна сказаць — душа хаткі. Задбаў не толькі пра ўсе этнаграфічныя дэталі, але і пазначыў іх сваімі ўзорамі, — калісь так рабілі майстры-дойліды. Сярод найбольш заслужаных — кіраўнік Гміннага камунальнага прадпрыемства Міраслаў Грыка і яго працаўнік Марк Загжывец. Таксама спадарства Ева і Кшыштаф Бозікі з надлясніцтва Валілы апрача драўніны падаравалі знойдзеную ў Радуніне стогадовую шафу.

* * *

— Думка пра пабудову хаткі ўзнікла ўжо на пачатку існавання гімназіі, — кажа Аляксандр Карпюк, аўтар праекта. — Яшчэ за папярэдняга войта, Яўгена Семенюка, які падтрымаў ідэю.

Рэальна рэалізацыяй праекта заняўся Клуб еўрапейскіх спраў, якім кіруе згаданы настаўнік. Пабудова дому спалучаецца з адбудовай этасу беларускай сям’і і яе духоўна-матэрыяльнай культурай. Невыпадкова, першае месца ў мастацкай праграме заняла тэма хлеба. У песнях і вершах гімназісты параўноўвалі хлеб да кола жыцця, якое мае свой пачатак і канец.

— У нашай грамадскасці мяняецца ментальнасць, — адзначае Анна Грыцук. — Усё больш людзей шукае сваіх каранёў. За пераломны момант трэба вызначыць святкаванне 500-годдзя Гарадка. Менавіта тады нарадзілася зацікаўленне гісторыяй найбліжэйшай ваколіцы. Вясковымі традыцыямі і звычаямі, якія прынеслі з сабой пасляваенныя жыхары Гарадка. З’ява найбольш відавочная ў гімназіі. Не без уплыву і рэгіянальная адукацыя — важны элемент школьнай праграмы. Таксама і навучанне беларускай мовы.

— Наш праект не ёсць закрыты, — дадае Аляксандр Карпюк. — Будзем знаёміцца з прадметамі, да якіх дакраналіся нашы продкі, гаварыць пра іх духоўнасць і прынцыпы, якія заўсёды будаваліся на базе талерантнасці. Яшчэ патрабуем парады этнографа, які дапаможа разабрацца ў назвах, бо часам адзін і той самы прадмет у кожнай вёсцы называюць інакш!

* * *

Хатку-музей пасвяцілі тры святары, былі прамовы і віншаванні, а пасля — пачастунак. Частаванне праходзіла ў кулінарнай традыцыі рэгіёна. На сталах школьнай кухні апынулася каля сотні страў, у тым ліку такое смакоцце, як гарадоцкія галушкі, пяльмені з начынкай, бульбяная кішка і бабка, каўбасы і вяндліна, як і традыцыйнае сала з цыбулінай.

Аднак мерапрыемства не абышлося без ментальных хібаў.

Зацікаўленне беларускасцю ў моладзі не толькі віртуальнае. З прыемнасцю адзначу, што на беларускай мове я размаўляла з гімназістамі, настаўнікамі, святарамі, бацькамі. Дарэчы, сама моладзь амаль усю мастацкую праграму падрыхтавала на беларускай мове. Таксама выступілі дзяўчаты з Залук ці моладзевы гурт з Гарадка пад апекай Янкі Карповіча. Разам з апошнімі гарадчане падспеўвалі патрыятычны шэдэўр „Дзе бы ты не пасяліўся” (Гавары на мове роднай — ты яе не забывай, а калі хто запытае — беларус ты, добра знай!).

Але ў час афіцыйных прамоў ні адзін чыноўнік, ні з гміны, ні з ваяводства, не заікнуўся на беларускай мове. Не было нават сімвалічных слоў прывітання, якімі абавязаны кожны госць, калі пераступае парог хаты!

Ці ў такой сітуацыі можна ўвогуле гаварыць пра перспектывы двухмоўя ў мясцовай адміністрацыі?