Ніва № 12 (2549), 20 сакавіка 2005 г.

Дама сярод халопаў

Сакрат ЯНОВІЧ

Скажыце дзевятнаццацігадовай даме Наталлі Лемеш, што я, Сакрат Яновіч, хачу быць яе рыцарам! Хай хоць Дон Кіхотам з... Крынак. Наваяваўшыся за свой век з ветракамі, гатоў я цяпер рушыць у апошнюю атаку, каб падняць на піку тлустага беларускага дурня; даме не выпадае кавалерыйская атака, але ў гісторыі Беларусі ведаем пра паўстанцкага палкоўніка Эмілію Плятэр.

Спадарыня Наталля прынялася вывесці беларускую мову з хатняе заглушанасці на публіку, пачынаючы з Гайнаўкі. Маючы за сабою калядны Закон аб нацыянальных меншасцях і этнічных мовах. Праўда пра гэты польскі Закон такая, што ён у нічым ды нікога не прымушае, не мае моцы абавязковага права. Дае толькі магчымасць раўнапраўна з польшчынай карыстацца беларушчынай у тых гмінах, мястэчках, у якіх жывых беларусаў не менш чымсьці дваццаць працэнтаў ад усяго насельніцтва. Гэты нарматыўны акт зацвердзіў прэзідэнт Польшчы; радасці ад таго сярод нашых людзей не відаць. Зрэшты, не чулася і ад дзеячаў хаця б спадзяванку, што беларускі народ Беласточчыны выйдзе — „шчыльнымі радамі” — з карнавальнымі шэсцямі, над якімі залунаюць транспаранты „Жыве беларуская мова!”. Або: „Не пакінем Цябе, родная!”

І вось чытаючы сённячы ў масавай „Gazecie Wyborczej”, што беларуска з прыбелавежскай бацькаўшчыны прысягнулася сама перад сабою арганізаваць змаганне за тое, каб землякам хацелася адчуваць высокі гонар за айчынную мову, узвысіць яе да раўні з польскай. Прызнаюся: мала не заплакаў я ад раптоўнае шчаслівасці!..

(...)