Ніва № 12 (2549), 20 сакавіка 2005 г.

Захаваць матчыну мову

Аляксей МАРОЗ

Мінулагодняя выпускніца Гайнаўскага белліцэя Наталля Зофія Лемеш запрапанавала Таварыству аховы краявіду, у якім актыўна дзейнічае, раздаваць на Гайнаўшчыне лістоўкі з заклікам да ўвядзення двухмоўных назваў мясцовасцей і карыстання беларускай мовай у якасці дапаможнай у самаўрадавых установах. Таварыства адобрыла прапанову сваёй маладой удзельніцы. Пасля правядзення сярод грамадства тлумачальнай акцыі ўдзельнікі Таварыства аховы краявіду намерваюцца афіцыйна выступіць са сваёй прапановай да самаўрадаў Гайнаўшчыны. Нядаўна прыняты Сеймам закон дазваляе ажыццявіць прапанову таварыства на тэрыторыі гмін, дзе пражывае больш за 20% беларусаў.

— Я ўжо раней думала, як звярнуць увагу нашых людзей на традыцыйныя назвы нашых мясцовасцей. Пазней хадзіла я ў розныя ўстановы ў Гайнаўцы — у банк, на пошту, па крамах. Пыталася там пра важныя для мяне справы на беларускай літаратурнай мове або на гаворцы. Толькі ў адным месцы адказалі мне па-свойму. Многія жыхары Гайнаўкі між сабой гавораць па-свойму, а калі спатыкаюцца ў публічных месцах, то найчасцей размаўляюць па-польску. Мне здаецца, што было б больш нармальным, каб людзі ва ўстановах таксама маглі размаўляць на выгаднай ім мове, — кажа Наталля Зофія Лемеш.

— Раней былі спробы ўвесці беларускамоўныя назвы мясцовасцей, але ўлады палічылі іх незаконнымі. Зараз стварылася вельмі добрая магчымасць пачаць законна карыстацца беларускай мовай.

22 лютага таварыства вырашыла падтрымаць ідэю Наталлі Лемеш. Яшчэ распрацоўваецца змест лістоўкі з заклікам да жыхароў Гайнаўшчыны.

— Хочам, каб лістоўка была зразумелай. Хочацца нам пераканаць да нашай ідэі як найбольш жыхараў Гайнаўскага павета, — дабаўляе Наталля. — Справу вырашэння фанетычных складанасцей у назвах мясцовасцей трэба пакінуць моваведам, якія выводзяцца з нашага асяроддзя і маюць вялікі вопыт.

Удзельнікі таварыства будуць распаўсюджваць лістоўкі, арганізаваць сустрэчы і індывідуальныя размовы, каб ідэю двухмоўя наблізіць да жыхароў.

— Пасля плануем афіцыйна звяртацца да мясцовых самаўрадаў з прапановай ажыццяўлення прэзентаванай ідэі, — гаворыць старшыня Таварыства аховы краявіду Ева Мароз-Кэчынская. — Двухмоўныя назвы мясцовасцей — гэта вельмі моцны атрыбут гістарычнай адукацыі. З’яўляюцца яны таксама козырам, які прыцягвае турыстаў.

Некаторыя назвы мясцовасцей былі зменены. Напрыклад, вёска, якую ў наваколлі называлі Мацкевічы, атрымала назву „Dlugi Brod”.

— Назвы мясцовасцей былі зменены па-рознаму. Назва „Nowoberezowo” з’яўляецца навамовай нават у польскай мове. Калі будзем гаварыць „Новае Бэрэзово”, то спасылаемся на гістарычную традыцыю, на эмоцыі і пачуцці мясцовых жыхароў, якім такая назва блізкая. Адначасна яна сапраўдная, — тлумачыць Ева Мароз-Кэчынская.

У справу прапагандавання ідэі ўвядзення на Гайнаўшчыне двухмоўных назваў мясцовасцей заангажаваліся таксама наймалодшыя ўдзельнікі таварыства, сярод якіх большасць складаюць гайнаўскія белліцэісты.

— Я сябе лічу беларусам і хачу, каб былі ў нас дадаткова беларускія назвы мясцовасцей. Мае сябры з белліцэя, з якімі я размаўляў, падтрымліваюць ідэю двухмоўных назваў, — заяўляе гайнаўскі белліцэіст Норберт Васілюк.

— Мы лічым, што большасць людзей падтрымае нашую ідэю і яна будзе рэалізаваная, — гаворыць член таварыства Наталля Герасімюк. — Ужо даўно былі двухмоўныя беларускія і польскія назвы на Гродзеншчыне і Брэстчыне.

Сеймавы закон, які дазваляе двухмоўныя назвы, уступіць у сілу з пачаткам мая і да гэтага часу павінны быць падрыхтаваны выканаўчыя распараджэнні.

— Калі будуць вядомыя дакладныя распараджэнні, можна будзе прыступіць да рэалізацыі гэтай пастановы ў нашых гмінах. Першай нашай задачай, як гмінных радных выбраных ад Беларуска-народнага выбарчага камітэта, будзе падрыхтоўка праекта адпаведнай пастановы для нашых самаўрадаў. Спачатку рады гмін павінны перагаласаваць за ўпісанне іх гмін ва ўрадавы рэестр гмін, у якіх пражываюць нацыянальныя меншасці. Такая пастанова будзе даваць магчымасць пачаць дыскусію ў радах гмін наконт увядзення беларускай мовы як дапаможнай у самаўрадавыя ўстановы і змяшчэння на ўказальніках і шыльдах назваў мясцовасцей на беларускай мове, — інфармуе Яўген Сачко, радны горада Гайнаўкі выбраны ад БНВК і заадно дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. — Мы ў нашай школе апярэдзілі сеймавы закон аб двухмоўі. У 1993 годзе на школе паявілася беларускамоўная шыльда. На школьных кабінетах у нас таксама беларускамоўныя надпісы.