Ніва № 11 (2548), 13 сакавіка 2005 г.

Граем, бо любім

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Наш калектыў „Сакрэт” паўстаў у Міхалове восем гадоў таму. Я сам выступаю з 1980-га года. Сябра навучыў мяне іграць на гітары і так паўстаў вакальна-інструментальны ансамбль пры Гмінным асяродку культуры.

У маім бацькоўскім доме мала гаварылася па-беларуску, больш па-польску. Калі я ў першы раз заехаў да бацькоў мае жонкі, дык яны аж жахнуліся, за каго яна надумалася выходзіць! Але беларуская песня бадзёрая, мілагучная — яна пацягнула мяне за сабою. І такая ж самая песня ляпей гучыць па-беларуску чым па-польску. Ды вядома, што дыска-пола з’яўляецца перапрацоўкай беларускай музыкі.

Я спрабаваў арганізаваць з міхалоўскімі жанчынамі калектыў, які б выконваў і беларускую, і польскую песню. Спачатку яны пыталіся, ці ансамбль утрымаецца. Я ім абяцаў, што ўдасца, бо ж наша гміна найбагацейшая ў ваяводстве. Але пані дырэктар Гміннага асяродка культуры пакпіла з мяне. Мабыць таму, што я клаў націск на беларускую песню. Пасля крыху псаломшчык займаўся з жанчынамі, але нядоўга. Цяпер шукаюць нейкага прафесіянала звонку, але сумняваюся ці хто знойдзецца. Ды і са старэйшымі жанчынамі трэба абыходзіцца сур’ёзна.

Мы з жонкай пакрытыкавалі дырэктарку Гміннага асяродка культуры, што не арганізуе свайго калектыву. А дачка наша, якая многа гадоў выступала ў дзіцячым калектыве пры ГОКу, напісала ў мясцовую газету артыкул, у якім заступілася за намі. Ну то дырэктарка загадала інструктарцы выкінуць нашу дачку з ГОКу...

(...)