Ніва № 10 (2547), 6 сакавіка 2005 г.

Займальныя расказчыкі

Аляксей МАРОЗ

У VІ Конкурсе беларускай гавэнды, які 25 лютага арганізаваў Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, удзельнічалі шматлікія вучні падставовых школ і гімназісты. Адносна мала ліцэістаў рашылася выступіць перад сваімі сябрамі. Настаўнікі тлумачаць, што найлягчэй заахвоціць да конкурсу гавэнды наймалодшых вучняў. Ліцэісты аддаюць перавагу дэкламацыі.

Мерапрыемства распачалося з выступлення наймалодшых удзельнікаў конкурсу. Вучні падставовых школ найчасцей свае расказы абапіралі на казкі або літаратурныя творы. Аднак здараліся расказы з мінулага і аповеды аб цяперашніх здарэннях.

— Мне падабаецца беларуская мова і я расказваю на ёй. Умею я таксама гаварыць па-свойму, — заяўляе Магда Дарашук з Падставовай школы н-р 6 у Гайнаўцы, якая на заняткі беларускай мовы ходзіць з першага класа. З ёю пастаянна вучыцца Юстына Іванюк, якая да расказу рыхтавалася з мамай. Пасля заканчэння падставовай школы дзяўчаты будуць паступаць у гайнаўскую белгімназію.

Больш аўтарскіх расказаў прадставілі гімназісты. Некаторыя з іх з дапамогай настаўнікаў, бацькоў і знаёмых падрыхтавалі расказы на мясцовых гаворках. Гімназісты расказвалі пра хвалюючыя іх справы. Паколькі большасць расказчыкаў паходзіць з вёсак, закраналі яны ў сваіх аповедах тэмы вясковага жыцця. Крытыкавалі яны адмоўныя паводзіны жыхароў вёсак, якія іх смешаць і раздражняюць. Здаралася, што ўдзельнікі конкурсу спасылаліся на народныя павер’і, з якімі сустракаюцца ў сваіх мясцовасцях.

— Вучням, якія гавораць па-свойму, лягчэй расказваць. Калі яны сыходзілі з падрыхтаванага раней расказу, маглі імправізаваць і вяртацца да запланаванага фрагмента аповеду. Цяжэй выступаць вучням, якія гавораць на літаратурнай беларускай мове і навучыліся расказваць на памяць. Калі яны нешта забываюць, цяжка ім гэта схаваць перад слухачамі, — кажа Барбара Трафімюк з Грабаўца, якая штогод паспяхова выступае ў конкурсе беларускай гавэнды. Выступаючы ад імя белліцэя, яна традыцыйна падрыхтавала аповед аб вясковым жыцці на дубіцкай гаворцы. Яе расказ датычыў жыхаркі вёскі, якая гадавала кароў і паехала ў Варшаву за сродкамі на даільны апарат.

— Я таксама хацела б жыць на вёсцы і заняцца даеннем кароў. Вясковая праца мяне не палохае. Люблю жыццё сярод прыроды, а горад мяне абмяжоўвае, — дабаўляе Барбара Трафімюк і мяняе тэму. — Конкурс беларускай гавэнды патрэбны, бо заахвочвае да вывучэння беларускай мовы. Хаця ведаем сваю гаворку, то трэба вучыцца літаратурнай беларускай мовы, бо яна замацоўвае нацыянальную беларускую свядомасць.

— Да конкурсу беларускай гавэнды вучні прыступаюць ахвотна. Гэта больш свабодная, чым дэкламацыя, формула прэзентацыі ўмеласцей дзяцей і моладзі і таму вучням лягчэй да яе падрыхтавацца. Гімназісты, якія прыязджалі на конкурс гавэнды ў мінулых гадах, паспелі ўжо пазнаёміцца з моладдзю іншых школ, — гаворыць настаўніца з Дубіч-Царкоўных Галіна Трашчотка. — Самыя лепшыя рэзультаты, калі вучні самастойна або з дапамогай старэйшых асоб рыхтуюць свой аповед.

— Я рыхтавала расказ самастойна, а ў падрыхтоўцы да конкурсу дапамагала мне мама, — заяўляе Анна Грыгарук з гайнаўскай белгімназіі, якая расказала пра студэнцкае жыццё. — Я лічу, што пра поспех у конкурсе не вырашае падбор тэмы для аповеду. Трэба проста зацікавіць расказчыка. Таксама думаюць іншыя белгімназісткі Анна Раманюк і Юстына Аўласюк. Пераможца мінулагодняга конкурсу гавэнды Ева Мароз расказала пра хворую настаўніцу і яе вучняў. Рашылася яна падабраць больш складаную для расказу тэму, каб развіваць свае ўмеласці.

Некаторыя ўдзельнікі падрыхтавалі доўгія расказы і конкурс зацягнуўся. Многія вучні і іх апекуны не змаглі застацца да канца мерапрыемства. Трэба ім было вяртацца ў свае школы. Пасля гмінным транспартам разам з іншымі вучнямі дабіраліся ў свае вёскі, рассеяныя па Гайнаўскім павеце. Калі камісія вырашала каму прызначыць галоўныя ўзнагароды, з канцэртам перад удзельнікамі мерапрыемства выступіў ліцэйскі калектыў „Знічка”. Прыгожы дзявочы спеў спадабаўся маладым удзельнікам конкурсу, якія з беларускай песняй сутыкаюцца ў сваіх школах.

Старшыня конкурснай камісіі, дырэктар беларускага музея Ян Карпюк перад уручэннем узнагарод звярнуў увагу на высокі ўзровень прэзентацыі расказаў. Сярод 50 удзельнікаў мерапрыемства ажно 15 асоб было ўзнагароджаных. У гэтым годзе найбольш пераможцаў было з Чыжоўскай гміны і Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

Сярод вучняў падставовых школ камісія найвышэй ацаніла расказ Мажэны Дзмітрук (І месца), Паўліны Башун (ІІ месца) з Падставовай школы ў Чыжах і Наталлі Андраюк з Кленік (ІІ месца). Трэція месцы занялі Юстына Іванюк з ПШ н-р 6 у Гайнаўцы і Юстына Тамашук з ПШ н-р 3 у Гайнаўцы. З групы гімназістаў чарговы раз запар першае месца заняла Марта Матысюк са школы ў Нараўцы. Другія месцы занялі Анна Грыгарук з Гайнаўскай белгімназіі і Магдаліна Дудзіч са школы ў Нарве. Трэція месцы камісія прыдзяліла ажно чатыром удзельнікам — Паўліне Сяроцкай з Гімназіі ў Дубічах-Царкоўных, Паўліне Чурак з Гайнаўскай белгімназіі, Войцеху Лешчуку з Гімназіі ў Нараўцы і Каролю Грыгаруку з Гімназіі ў Чыжах. Хаця мала ліцэістаў удзельнічала ў конкурсе, то ўзровень іх расказаў быў высокі. Першыя месцы занялі гайнаўскія белліцэісты Барбара Трафімюк і Андрэй Грыгарук. На другім месцы апынулася Іаанна Стоцкая з Варшавы, якая літаратурнай беларускай мовы вучылася ў школе ў Нарве.

— У гэтым годзе вельмі высокі ўзровень расказаў. Больш, чым у мінулых гадах было тэкстаў, якія вучні рыхтавалі самастойна, з дапамогай настаўнікаў або бацькоў. Асабліва добра выступілі гімназісты. У час аповедаў здаралася, што вучні гаварылі з няправільным націскам. Такой пагрэшнасці не было ў вучняў, якія расказвалі на гаворцы, — кажа член конкурснай камісіі, беларусіст Ірэна Ігнатовіч. — Штогод мала асоб з белліцэя прымае ўдзел у конкурсе і трэба было б заахвоціць іх у будучыні да больш актыўнага ўдзелу ў гавэндзе.

Да ўдзелу ў конкурсе прыцягваюць вучняў таксама каштоўныя ўзнагароды. Настаўнік беларускай мовы Ян Карчэўскі, які ад першага выпуску ладзіць гавэнду, шукаў спонсараў таксама па-за сценамі сваёй школы. Грошы на альбомы і кніжкі перадалі павятовыя і гарадскія ўлады, школьны бацькоўскі камітэт і Марк Сабалеўскі з Варшавы. Усім удзельнікам конкурсу былі падрыхтаваны дыпломы. Віншавальныя лісты з рук дырэктара Яўгена Сачко атрымалі настаўнікі, якія дапамагалі вучням падрыхтавацца да расказаў. На конкурсе прысутная была Іаанна Точка, візітатар Кураторыі ў Беластоку, якая курыруе навучанне беларускай мовы.