Ніва № 10 (2547), 6 сакавіка 2005 г.

Юбілеі і гадавіны

Віталь ЛУБА

Сорак дзевяць гадоў мінае з часу выхаду першага нумара «Нівы». Мне самому прыйшлося быць сведкам і ўдзельнікам дваццаці гадавін і прымеркаваных да іх мерапрыемстваў — грандыёзных, камерных і зусім незаўважных.

Упершыню ў святкаванні ніўскага юбілею ўдзельнічаў я ў 1986 г. у якасці сакратара ГП БГКТ. Тады ў зале Дома прафсаюзаў у Беластоку была сарганізавана папулярна-навуковая сесія, прысвечаная 30-годдзю БГКТ і «Нівы», а на другі дзень адбыўся ўрачысты пленум БГКТ. „Вялікія дасягненні мае наш орган «Ніва». Матэрыялы, што друкуюцца на старонках «Нівы», спрыяюць фарміраванню дружных суадносін паміж палякамі і беларусамі, папулярызуюць і распаўсюджваюць традыцыі супольных змаганняў з ворагамі, уплываюць на рост нацыянальнай свядомасці, прапагандуюць палітыку партыі і дзейнасць БГКТ”, — пісалася тады ў справаздачы з юбілейных урачыстасцей. З нагоды юбілею дзеячы таварыства і журналісты атрымалі медалі і адзнакі, а святкаванне закончылася канцэртам лаўрэатаў агляду „Беларуская песня-86”.

Дзесяць гадоў пазней юбілейнае мерапрыемства мела больш камерны характар, таму што пазбавіўшыся статусу органа святкавалі мы толькі ў рэдакцыйным коле.

Да саракавой гадавіны выйшаў спецыяльны нумар з архіўнымі і сучаснымі здымкамі стваральнікаў «Нівы» — журналістаў, карэспандэнтаў і працаўнікоў рэдакцыі. З выпадку свята на Універсітэце ў Беластоку адбылася канферэнцыя з нагоды 40-годдзя «Нівы». Канферэнцыю папярэдзілі афіцыйныя віншаванні і прывітанні. Упершыню ў рэдакцыйнай урачыстасці прысутнічалі дыпламаты Рэспублікі Беларусь. Тадышні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Сянько ў віншавальным лісце пажадаў нам „надалей заставацца сапраўдным носьбітам беларускага слова, нацыянальнай культуры і мастацтва ў Польшчы”, а генеральны консул у Беластоку Міхась Слямнёў сам асабіста выказаў спадзяванне, „што яскравае, а часам і калючае слова «Нівы» будзе і далей прабуджаць нацыянальную свядомасць людзей, фарміраваць у іх павагу да мовы, традыцый і абрадаў сваіх продкаў, спрыяць развіццю беларускай культуры”.

У зачытаных на канферэнцыі дакладах даваліся ацэнкі нашаму тыднёвіку. Напрыклад, прафесар Андрэй Садоўскі адзначыў істотную ролю «Нівы» ў складаным працэсе станаўлення беларускай меншасці менавіта як нацыянальнай, а не толькі праваслаўнай. Паводле Віктара Шведа паяўленне «Нівы» было натуральным штуршком у ягонай літаратурнай дзейнасці. „Каб не «Ніва», я відавочна ў далейшым нічога б не пісаў” — адзначыў паэт.

Дзевяць гадоў таму не было медалёў для заслужаных журналістаў і карэспандэнтаў, што заўважыў Мікола Ваўранюк, які свой артыкул аб юбілейнай канферэнцыі закончыў такой вось прыпіскай: „Пакрыўджаным, якія ў сваіх вачах заслужылі на ўзнагароды, вестка з апошняй хвіліны: на 50-годдзе «Нівы» будзеце ўзнагароджаны медалямі імя Бядулі”. Гэта ж праз год!

Зусім камерны характар мела святкаванне 35-годдзя, калі на сяброўскай сустрэчы спаткаліся журналісты, супрацоўнікі рэдакцыі і пенсіянеры. Падобны характар мела сустрэча з нагоды 45-годдзя. Тады з рэдакцыйным калектывам сустрэліся члены Праграмнай рады тыднёвіка «Ніва».

Астатнія гадавіны не адзначаліся намі ў выглядзе адмыслова арганізаваных мерапрыемстваў, але пра дзень з’яўлення першага нумара тыднёвіка заўсёды хтосьці помніў. Памяталі таксама нашы верныя чытачы, якія віншавалі нас, тэлефанавалі, заходзілі ў рэдакцыю. Напрыклад, у дзевяностыя гады 4 сакавіка наведвала рэдакцыю спадарыня Анна Стэльмашук з Засцянак з кветкамі і віншаваннямі.

У дакладзе на 40-годдзе «Нівы» Сакрат Яновіч паставіў такі вось сумны дыягназ: „У палітыцы няма сентыментаў і на яе вырашэнні ўплывае вызначальны ёй рахунак. Калі на гэты баланс добры скутак ад утрымлівання «Нівы», то яна дастане неабходныя сродкі. Але калі каторагасьці года акажацца, што можа яе ўжо не быць, то і не будзе. Так было як быццам ад пачатку. Цяпер жа, аднак, гэта проста кідаецца ў вочы”. Ад двух гадоў мы на сабе адчуваем рэальнасць гэтага дыягназу і пагрозу, якая навісла над рэдакцыяй. А сёлетняя гадавіна будзе яшчэ дадаткова азмрочана фактам выклікання двух членаў Праграмнай рады ў суд для дачы дадатковых тлумачэнняў перад маючым адбыцца працэсам.