Ніва № 5 (2542), 30 студзеня 2005 г.

Партал пра беларускае

Зараз адзіным месцам у Польшчы, дзе можна знайсці інфармацыю пра падзеі на Беларусі ды сярод беларускай меншасці ў Польшчы, з’яўляецца інфармацыйны партал www.bialorus.pl. Сайт адыгрывае вялікую ролю ў падтрымцы незалежнай палітычнай беларускай журналістыкі, а таксама ў даступны спосаб інфармуе пра культуру ды эканоміку Рэспублікі Беларусь. Размаўляю з каардынатарам праекта Дарыюшам ДАНЕЛЮКОМ:

— Самая важная справа ў такіх вялікіх праектах гэта мэты дзейнасці і спосабы іх рэалізацыі. Якія мэты ў сайта www.bialorus.pl?

— Партал паўстаў у ліпені 2001 года. Узнік ён як адзін з праектаў Грамадзянскага цэнтра адукацыі Польшча-Беларусь. Нам хацелася стварыць інфармацыйны бюлетэнь. У ім мела знаходзіцца ўсялякая інфармацыя з Рэспублікі Беларусь. Вядома, важнай была інфармацыя пра беларусаў у Польшчы. З часам наш бюлетэнь ператварыўся ў нешта накшталт партала. Усё гэта таму, што было ўсё больш інфармацыі, ствараліся новыя рубрыкі: культура, эканоміка, адукацыя, ну і, вядома, палітыка.

— Чатыры гады безупыннага існавання ў прасторы сеткі Інтэрнэт. Ці можна сказаць, што партал будзе яшчэ разрастацца?

— Вядома, нам да дасканаласьці яшчэ дарога крутая. Будзем яго напэўна разбудоўваць, мы ў гэтым упэўненыя. Але так, як у большасьці няўрадавых арганізацыяў у Польшчы, і ў нас фінансавыя недахопы. З гэтае прычыны не можам зрабіць усяго, што нам марыцца. Паколькі нашы намеры былі такія, каб інфармаваць палякаў пра Беларусь, дык зараз нас таксама чытае многа жыхароў Беларусі і ўсяго свету. З’явілася патрэба стварыць англамоўны ды беларускамоўны варыянты сайта. Зараз плануем пашырыць інфармацыю пра беларусаў у Польшчы.

— Афіцыйная інфармацыя беларускіх СМІ не заўсёды аб’ектыўная. Адкуль тады бярэце навіны для партала?

— У галоўным з незалежных беларускіх інтэрнэт-выданняў. Многа інфармацыі атрымоўваем непасрэдна па электроннай пошце. Часта інфармуюць нас пра падзеі палітычныя групоўкі ды грамадскія арганізацыі. Глыбокай крыніцай навін для нас з’яўляецца Беларускае аб’яднанне журналістаў. Часта, карыстаючыся ўсімі гэтымі крыніцамі, ствараем уласныя інфармацыі. Стараемся таксама супрацоўнічаць непасрэдна з беларускімі журналістамі. Вядома, карыстаемся і афіцыйнай інфармацыяй, але напэўна стараемся выбіраць тое, што важнае. У дзень стараемся змясціць каля васемнаццаці навін. Дарогай селекцыі выбіраем самыя важныя.

— Інтэрнэт гэта вельмі інтэрактыўнае асяроддзе. Як існаванне партала www.bialorus.pl ацэньваюць ягоныя карыстальнікі?

— Атрымоўваем многа каментарыяў па электроннай пошце. У агульным гэта рознага тыпу заўвагі. Адны шукаюць кантактаў для супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі ці арганізацьямі, іншым неабходная інфармацыя аб адпачынку, некаторыя просяць нас дапамагчы ў пошуках сваіх сем’яў. Адной з галін дзейнасці партала з’яўляецца падпіска на электронную рассылку навін. Зараз у нас пад 1 000 падпісчыкаў. Яны атрымоўваюць нашу інфармацыю кожны дзень.

— А колькі разоў у дзень наведваюць вас інтэрнаўты ў пошуках інфармацыі?

— Наш лічыльнік інфармуе, што наш сайт адкрываецца каля 300-400 разоў у дзень. Ад паўстання сайта нас адведалі больш за 160 тысяч разоў. У галоўным чытаюць нас студэнты, асобы звязаныя з адукацыяй — гісторыкі, палітолагі. Мяркуем таксама, што і польскія палітыкі шукаюць у нас інфармацыі пра Беларусь. Трэба сказаць, што з’яўляемся адзінай крыніцай, якой карыстаюцца польскія журналісты ў пошуках інфармацыі пра Беларусь.

— Колькі чалавек стварае сайт?

— У розны час па-рознаму гэта бывала. Зараз нас чатыры асобы. Дзве асобы рыхтуюць інфармацыю. Адна асоба займаецца арганізацыйным бокам праекта ды асочваннем беларускай тэматыкі ў польскіх СМІ. Маем таксама інфарматыка, які забяспечвае тэхнічны бок праекта. На сённяшні дзень гэта аптымальная колькасць асоб.

— Трэба адзначыць, што партал не з’яўляецца камерцыйным праектам. Утрымоўваецца толькі і выключна з розных грантаў?

— Так, партал існуе ў рамках дзейнасці Грамадзянскага цэнтра адукацыі Польшча-Беларусь. Грошы, якія патрэбны для існавання сайта, атрымоўваем ад спонсараў, таму ён бясплатны. Ёсць шанц, што дапамогуць нам у нейкай меры студэнты ў рамках стажыроўкі.

— Паколькі сайт існуе, дык напэўна ёсць нейкія планы далейшага развою?

— Зараз стараемся ўсё шчыльней супрацоўнічаць з „Нівай”, хочам таксама „выпускаць” большую колькасць ньюсаў. Працы многа, на шчасце маем таксама многа новых думак. Асноўнай справай, якая зараз вынікае толькі і выключна з фінансавых недахопаў, гэта адсутнасць карэктуры. У выніку здараюцца нам моўныя і арфаграфічныя памылкі.

Дзякую за размову.

Гутарыў Лукаш СЦЕПАНЮК