Ніва № 4 (2541), 23 студзеня 2005 г.

Пушчанская архітэктура

Янка ЦЕЛУШЭЦКІ

У пушчанскіх вёсках Гайнаўскага павета ёсць шмат драўляных дамоў і гаспадарчых будынкаў. Амаль усе яны паходзяць з XX стагоддзя, найбольш з міжваеннага перыяду ды першых дзесяцігоддзяў пасля II сусветнай вайны, а толькі некаторыя аб’екты датуюцца XIX стагоддзем. Такая векавая структура будынкаў сфарміравалася ў выніку ваенных знішчэнняў. Шмат старой пабудовы было разбурана ў перыяд 1914-1918 гадоў. Апусцелыя вёскі, жыхароў якіх выселілі ў глыб Расіі, былі шматразова рабаваныя і паленыя. Калі бежанцы вярнуліся ў свае вёскі, яны былі вымушаны адбудоўваць зруйнаваныя будынкі.

Шмат прычын склалася на знешняе ўпрыгожванне хат мясцовымі сялянамі, м.інш., традыцыйнае імкненне вясковага насельніцтва запаўняць большыя плошчы сцен-шчытоў арнаментаванымі ўпрыгожаннямі, дастатковая колькасць высакаякаснай драўніны з Белавежскай пушчы (адсюль магчымасць будовы вялікіх хат) ды неабходнасць практычнага забеспячэння вуглоў, франтонаў (шчытоў), абіўкі шалёўкай сцен ад гніцця, замацаванне дахоўкі і г.д.

Традыцыйнае архітэктурнае ўпрыгожванне захавалася ў Вітаве, Пясках, Войнаўцы, Грабаўцы і Старым Корніне (Дубіцкая гміна), у Дубінах, Навасадах, Чыжыках і Трывежы (Гайнаўская гміна) ды ў Чыжах. Найбагацей упрыгожаны шчыт дому, які стаіць „тварам” да вуліцы, або абодва шчыты, калі будынак пабудаваны ўздоўж яе. На франтонах прыбівалі шалёўку ў форме елачак, кубікаў ды зубчатых ліштваў-планак. А ўжо перш-наперш дошчачкі ўкладалі пад рознымі вугламі. Сустракаем таксама аздобы франтона выразаныя ў форме трохвугольніка або двух трохвугольнікаў у зубочкі па краях. У шчыце змяшчалі адно, два, а часамі чатыры невялікія аконцы з багатай арнаментыкай...

(...)