Ніва № 4 (2541), 23 студзеня 2005 г.

Europo, witaj nam!

Сакрат ЯНОВІЧ

За вокнамі мае местачковае хаты штораніцы праходзіць у школу некалькі вучняў з мяшэчкамі кніжак за плячыма. Не прыглядаюся, хлопчыкі гэта ці дзяўчынкі, бо адзенне аднолькавае, нагавічнае. На нашай доўгай Сакольскай вуліцы палова жылых будынкаў стаіць ужо пустая, у рэшце жыве па адной старой бабе, а ў трох мураванках — тры сям’і (у адной было нават дзевяцёра дзяцей, пакуль не павырасталі і не паўцякалі ў міфічную „Амэрыку”). У трэці дзень Калядаў наведалі мяне дзве паненкі з Лондана, якіх я ледзь апазнаў як тутэйшых дзякуючы таму, што загаварылі на „простай” мове. Некалі дапамагаў ім вучыць гісторыю, але тады гэта былі польскія шавіністкі крынкаўскай гадоўлі. Накшталт ваўкавыскіх калгасных саветак, што кажуць: „Пусть меня даже убивают, но по-белорусски я говорить не стану!...”

Слова за словам мы разгаварыліся і я пачуў ад паннаў, што ў паўночным квартале вялізнага Лондана завялася цэлая калонія маіх маладых местачкоўцаў. Яны працуюць, выконваючы такую работу, за якую не хочуць брацца ангельцы; пераважна ў будаўніцтве, а дзяўчаты — прыбіральніцы, служанкі. У Крынках гэтая моладзь яшчэ нядаўнім часам шумела чародкамі на Ягелонскім рынку, перапыняючы такіх як я просьбамі даць катораму два злоты на піва. Іх цяпер няма тут, калі настаў Еўрасаюз, а разам з тым магчымасць ездзіць з польскімі паперамі па Еўропе. Дзяўчаты і жанчыны аблюбавалі Італію, што надта рызыкоўна нарачоным і мужчынам. Нестары сусед Януш апякуецца сынком; нябрыдкая жонка загразнула недзе ў астраўной Венецыі, зафундаваўшы свайму шлюбнаму крэтыну мабільны тэлефонік дзеля кантынуацыі любові з кантынентальнай далечыні...

(...)