Ніва № 4 (2541), 23 студзеня 2005 г.

Пан міністр — эластычна!

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Найвышэйшая кантрольная палата апрацавала канчатковы рапарт пасля кантролю працы школ нацыянальных і этнічных меншасцей. Аб яго падляшскім матыве пісалі мы два месяцы таму. Беластоцкае прадстаўніцтва Палаты правярала м.інш. Комплекс школ з беларускай мовай у Гайнаўцы. У згаданым рапарце апынуліся таксама заўвагі наконт Комплексу школ у Бельску-Падляшскім з дадатковай беларускай мовай як прадметам. Тут праверку праводзілі асабіста працаўнікі дэпартамента навукі, асветы і нацыянальнай спадчыны Палаты.

У першую чаргу Найвышэйшая кантрольная палата паставіла Міністэрству нацыянальнай адукацыі і спорту закід у недастатковай падтрымцы, якую ўдзяляе яно меншасным школам у апрацоўцы праграм навучання моў меншасці і гісторыі ды геаграфіі, як тут акрэслілі, краіны паходжання. Было сцверджана — што ўжо выклікала шмат рознагалосся — у дзевяці школах, сярод іх у Гайнаўцы, недахоп пададзеных бацькамі ці вучнямі, якія закончылі 16 год жыцця, пісьмовых заяў з выяўленнем волі вучыцца якраз у школе з мовай меншасці. Наколькі дырэктары школ у Гайнаўцы і Бельску разумеюць такое патрабаванне ў адносінах да школ, у якіх ёсць толькі паасобныя класы з беларускай мовай ці мовай іншай меншасці, то гэта малазразумелае ў адносінах да ўстаноў, якія лічацца меншаснымі і то ад многіх гадоў. Кантрольная палата, аднак, сцвярджае, што м.інш. гэты факт і недахоп адпаведных статыстычных справаздач выклікаў тое, што „прынцып пералічвання сродкаў субвенцыі не быў поўнасцю аб’ектыўны”. Неабходнасць падавання пісьмовых заяў акрэслівае распараджэнне міністэрства ад 2002 года. Няма там адрозненняў відаў школ з мовамі меншасцей. Міраслаў Сэкула, старшыня Палаты і ягоныя працаўнікі рэкамендуюць Міністэрству адукацыі „разважыць больш эластычны падыход да справы” ў згаданым распараджэнні. Што важнейшае, у першай паслякантрольнай заяве загадваюць МНАіС апрацаванне стратэгіі развою асветы меншасці, а куратарам асветы — падтрымку школ меншасцей у сферы апрацавання праграм навучання, зацверджаных МНАіС. Дагэтуль шмат рэалізаваных праграм не было зацверджаных гэтым ведамствам. Было гэта сцверджана ў адносінах да трох першых этапаў навучання ў Комплексе школ у Бельску-Падляшскім.

У адказе на рапарт Найвышэйшай кантрольнай палаты міністр адукацыі Міраслаў Савіцкі запэўніваў, што для паасобных меншасцей, у тым ліку і беларускай, будзе распрацавана стратэгія развою асветы, міністэрства будзе падтрымліваць апрацоўванне праграм і падручнікаў, а затым будуць прыняты прынцыпы іх выдавання і распаўсюджвання. Паколькі ў школ няма арганізацыйных, кадравых і фінансавых умоў, каб самастойна распрацоўваць праграмы і падручнікі, міністр паказвае на „мерытарычнае і арганізацыйнае заплечча” для настаўнікаў-аўтараў. У выпадку беларусаў называе Беларускае грамадска-культурнае таварыства і Беларускае гістарычнае таварыства. Як гэта мела б перакладвацца на рэальныя дзеянні абедзвюх арганізацый, невядома. Запэўнівае ён таксама, што сёлета будзе праведзены разам з куратарамі і метадысцкімі дарадчыкамі перагляд аўтарскіх праграм, з якіх найлепшыя маюць быць дапушчаны да школьнага ўжытку за грошы міністэрства. Наконт указання, у якім Кантрольная палата звяртаецца ўчыніць больш эластычным распараджэнне ад 2002 года, міністр Савіцкі не выказваецца.

Тым часам рапарт Кантрольнай палаты быў тэмай аднаго з апошніх пасяджэнняў сеймавай Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей. Падляшскі дэпутат Яўген Чыквін, які ў ёй працуе, у размове з „Нівай” сцвердзіў, што ён, незалежна ад усяго, бачыць патрэбу дастасавацца да таго распараджэння:

— Могуць жа ж на пачатку школьнага года такія заявы падаваць бацькі на сустрэчах з выхавацелямі.

Падобную думку выказвае падляшская куратар асветы Зофія Транцыгер-Кочук:

— Дырэктары школ мусяць дзейнічаць згодна з запісамі распараджэння і паводле адпаведнага закону. Іх інтэрпрэтацыя — справа другарадная. Гэта не праблема. Калі хтосьці хоча, каб яго дзіця, альбо яно само, вучылася ў школе з беларускай мовай, то такую заяву падасць.

Прытым, гаворачы аб закідзе ў недастатковым педагагічным наглядзе за тымі тыпамі школ, куратар гарантавала:

— Кожная дапамога школам меншасцей будзе аказвацца.