Ніва № 3 (2540), 16 студзеня 2005 г.

Каляды з Новым годам паміж Захадам і Усходам

Віктар САЗОНАЎ

Мінуў 2004 год. Праляцеў як адзін дзень. Здаецца, зусім нядаўна сустракалі яго, а ўжо час развітвацца. Людзі, святкуючы Ражджаство і сустракаючы Новы год, спадзяюцца, як заўсёды, што наступны год будзе лепшым, прынясе ім поспех і дабрабыт. Кожны Новы год мы зычым сабе, родным, блізкім, сябрам, каб усё благое засталося ў старым годзе, каб надыходзячы год быў лепшым за папярэдні, і хоць на момант самі шчыра верым, што так яно і будзе. Але гады толькі працягваюць тое, што было раней. Яны яшчэ больш уцягваюць у зробленыя памылкі, аддаляюць ад той дарогі, на якую калісьці мог павярнуць. Але яны ж памнажаюць і тое, што ўдалося здзейсніць. Само сабой надыходны год нічога не зменіць у жыцці чалавека. Толькі сам чалавек, калі зазірне ў мінулае, прааналізуе яго і зробіць адпаведныя высновы з пражытага, можа штосьці змяніць.

На жаль, глядзець у мінулае не так проста. Ды і не ўсім хочацца. Там безліч памылак, няздзейсненых мараў, незрэалізаваных мажлівасцей. І ўсё ж будучыня ёсць толькі ў таго, хто добра помніць сваё мінулае.

У Беларусі сустракалі Новы год без асаблівага натхнення. Казалі, што святочнага настрою не адчуваецца. Маўляў, каб не гарэлка, то даўно ўжо спаць ляглі б. Толькі ў дзяцей праснуўся ваярскі дух іх славутых продкаў. Не зважаючы на забароны, яны заранёў накуплялі петардаў, і цалкам былі „падрыхтаваны” да сустрэчы Новага года. Арсенал іх узбраення быў такі, што не кожнае сучаснае войска мае. Гадоў семдзесят таму, пакуль чалавецтва не прыдумала вадароднай бомбы, з такім узбраеннем можна было б хутка заваяваць увесь свет. Стрэлы і грымоты не змаўкалі тры дні і тры ночы. Адна петарда бухнула каля майго акна, дык мне здалося, што гэта ядзерны ўзрыў...

(...)